МПЗ не згодна з вынікамі дакладу "Вядзенне бізнэсу"

04.11.2010 16:24
Архив Редакция

Міністэрства па падатках і зборах не згодна з методыкай Сусветнага банка і МФК пры складанні штогадовага дакладу "Вядзенне бізнэсу", згодна  з якім Беларусь зноў апынулася на апошнім 183-ем месцы ў свеце па выплаце падаткаў. Пра гэта паведаміла ў чацвер, 4 лістапада, начальніца галоўнага ўпраўлення міжнароднага падатковага супрацоўніцтва МПЗ Беларусі Ала Сундукова.

«Даклад «Вядзенне бізнэсу-2011″ адлюстроўвае паказчыкі за 2009 год. Міжнародныя чыноўнікі спазняюцца роўна на два гады. Таму ён уключае ў сябе і абаротны падатак, і 12 падатковых дэкларацый па падатку на прыбытак, па ПДВ, не ўлічвае змены па сацыяльных падатках і іншыя нюансы», — патлумачыла Ала Сундукова, перадае БелТА.

«Вядома, з ацэнкай Сусветнага банка мы не згодныя. 183-е месца не адлюстроўвае рэальную карціну, якая склалася ў падатковай сістэме Беларусі. Да іх метадалогіі ў нас ёсць пытанні», — дадала прадстаўніца МПЗ.

Па словах Алы Сундуковой, міністэрства звярталася да экспертаў міжнародных кампаній з прапановай перагледзець метадалогію ацэнкі па гэтым паказчыку. «Мы паставілі ім пытанне, наколькі карэктная метадалогія разліку. Яны нам на гэта нічога не адказалі», — падкрэсліла прадстаўніца МПЗ і дадала, што беларускі бок прыклаў усе намаганні да паляпшэння пазіцыі ў гэтым дакладзе, у тым ліку па раздзеле «Выплата падаткаў». Пры гэтым, па словах начальніка ўпраўлення, спецыялісты міжнародных фінансавых кампаній, якія працавалі ў Беларусі, адзначалі вельмі добрую падатковую дысцыпліну.

«Спадзяемся, што па выніках наступнага агляду Беларусь апынецца на тым годным месцы, якое рэальна адлюстроўвае сітуацыю ў падатковай сістэме краіны», — падкрэсліла Ала Сундукова.

Раманчук: калі б я быў міністрам па падатках, я б зрабіў харакіры

Прэтэндэнт на прэзідэнцкі пост ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук таксама пракаментаваў пазіцыі Беларусі ў рэйтынгу «Вядзенне бізнэсу» за 2011 год.

Асноўныя прэтэнзіі Яраслава Раманчука выклікаў раздзел «Падаткаабкладанне», дзе Беларусь у новым рэйтынгу размяшчаецца на апошнім 183-м месцы. Па словах Яраслава Раманчука, чыноўнікі абяцалі выправіць сітуацыю, аднак выплата падаткаў у Беларусі па-ранейшаму застаецца самай складанай у свеце.

«Пасля гэтага, калі б я быў міністрам па падатках, я б зрабіў харакіры. Калі б я быў прэм’ер-міністрам, я б ўспрыняў гэта як падставу для напісання заявы аб адстаўцы», — заявіў на XIII Мінскім форуме Яраслаў Раманчук, перадае «Ежедневник».

Па словах палітыка, у той час, як Аляксандр Лукашэнка гаворыць аб неабходнасці развіцця прадпрымальніцтва, урад топчацца на месцы і 10 месяцаў рыхтуе дырэктыву аб лібералізацыі. На погляд Яраслава Раманчука, «гэта не падыход краіны, нацэленай на мадэрнізацыю».

Разам з тым, як пракаментаваў гэтыя заявы ўдзельнік пасяджэння XIII Мінскага форуму намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур: «Ні ў Пуціна ў Расіі, ні ў Азарава ва Украіне, у краінах, якія ўваходзяць у другую сотню па рэйтынгу, не ўзнікне жаданне проста сысці ў адстаўку, а ў міністра па падатках і зборах зрабіць харакіры».

Як раней паведамляў Тэлеграф, Сусветны банк апублікаваў сёмую штогадовую справаздачу «Вядзенне бізнэсу-2011». Па выніках даследавання, Беларусь заняла 68-е месца са 183 краін свету і апусцілася за год у гэтым рэйтынгу на чатыры пазіцыі. Міжнародныя эксперты не зафіксавалі ніякіх паляпшэнняў у Беларусі ў сферы падаткаабкладання. Па дадзеным паказчыку краіна па-ранейшаму знаходзіцца на апошнім 183-м месцы ў свеце.

Між тым у жніўні 2010 года мінэканомікі Беларусі прагназаваў, што краіна падымецца ў рэйтынгу «Вядзенне бізнэсу-2011» на дзесяць пунктаў.

Как вам новость?
Головоломки