Мірскі замак адчыняецца пасля рэстаўрацыі

16.12.2010 16:05
Архив Редакция

У гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці 16 снежня праходзіць урачыстае адкрыццё замкавага комплексу, які раней знаходзіўся на рэстаўрацыі. Святочнае мерапрыемства пачалося а 15:00 адкрыццём выставы сучасных беларускіх мастакоў Віктара Альшэўскага, Міхаіла Баразны і Уладзіміра Зінкевіча.

Наведвальнікаў чакае тэатралізаванае прадстаўленне, а таксама канцэртныя выступленні ансамбляў «Класік-авангард», «Пастараль», «Харошкі» і «Талака», паведамілі карэспандэнту Тэлеграфа ў міністэрстве культуры Беларусі.

Святочныя мерапрыемствы дапоўніць гашэнне спецыяльнай маркі, прысвечанай адкрыццю замка (першую марку з выявай Мірскага замка выпусцілі ў 1930-х гадах). У канцы ўрачыстага адкрыцця запланаваны святочны феерверк па традыцыях вядомага беларускага інжынера XVII стагоддзя, вынаходніка шматступеньчатай ракеты Казіміра Сямёнавіча.

16 снежня замак, які стаў адным з сімвалаў Беларусі, будзе прымаць наведвальнікаў з 15:00 да 20:00, прычым бясплатна. Таксама бясплатна наведаць яго можна 17 і 18 снежня з 10:00 да 18:00.

Мірскі замак — гэта выдатны твор беларускага дойлідства XVI-XX стагоддзя і першы архітэктурны помнік Беларусі, які быў унесены ў спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.

У 1970 годзе была выканана часовая кансервацыя руінаў Мірскага замка. У 1982 годзе пачаліся рэстаўрацыйныя работы, але актыўна рэстаўраваць замак пачалі толькі ў 2003 годзе. 1 снежня 2008 у Паўднёва-заходняй вежы Мірскага замка былі адкрыты шэсць экспазіцый для наведвальнікаў, а роўна праз два гады завяршылася рэстаўрацыя памяшканняў у Паўночным корпусе замка. Работы праводзіліся на аснове архіўных дадзеных навуковых кансультантаў. Разам з рэстаўрацыяй замка вяліся працы і ў царкве-магільным склепе князёў Святаполк-Мірскіх.

Усяго прадстаўлена 39 музейных экспазіцый. Яны даюць магчымасць прасачыць за лёсам замка, які будаваўся ў розных архітэктурных стылях і кірунках. Асобныя залы прысвечаны уладальнікам замка — Ільінічам, Радзівілам, Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім.

Мірскі замак з’яўляецца самым даследаваным беларускімі археолагамі помнікам архітэктуры сусветнага значэння.

Как вам новость?
Головоломки