Мітрапаліт Кандрусевіч спадзяецца на вяртанне касцёла святога Язэпа

22.11.2010 11:54
Архив Редакция

Кіраўнік рыма-каталіцкай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч спадзяецца, што больш ніхто не паквапіцца на храмы, што ўсе святыні, уключаючы мінскі манастыр бернардынаў з касцёлам Святога Язэпа, перададуць вернікам. Пра гэта ён заявіў 21 лістапада ў Мінску падчас казані на імшы ў гонар 100-годдзя асвячэння касцёла Святых Сымона і Алены (Чырвонага касцёла).

Як перадае карэспандэнт Тэлеграфа, архіепіскап таксама выказаў надзею, што вырашацца ўсе пытанні, якія перашкаджаюць сустрэчы чалавека з Богам. Ён адзначыў, што, нягледзячы на свабоду веравызнання, людзі жывуць так, нібы Бога няма. «Гэтыя людзі зыходзяць з таго, што з цягам часу змяняюцца традыцыі і маральныя нормы, якія нібыта абмяжоўваюць свабоду чалавека. Але яны глыбока памыляюцца, таму што трапляюць у пастку антыкаштоўнасцяў», — заявіў Тадэвуш Кандрусевіч.

Паводле яго слоў, Бог і Рыма-каталіцкая царква патрабуюць ад вернікаў евангельскага радыкалізму. «Каб быць сапраўдным хрысціянінам, трэба жыць хрысціянствам і яго праўдай, жыць і дзейнічаць па сваім сумленні», — сказаў мітрапаліт, падкрэсліўшы, што менавіта касцёл надае чалавеку духоўныя сілы, каб супрацьстаяць агрэсіўным і небяспечным выклікам сучаснасці.

Кандрусевіч: Чырвоны касцёл стаў месцам евангелізацыі культуры

Як адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч, дзякуючы намаганням вернікаў ў 1990 годзе Чырвоны касцёл, які з’яўляецца візітнай карткай Мінску і ўсёй Беларусі, «зноў стаў месцам сустрэчы чалавека з Богам». Сёння ў храме на беларускай і польскай мовах праходзяць рыма- і грэка-каталіцкія службы, курсы катэхізатараў, розныя канферэнцыі, сімпозіумы, культурныя мерапрыемствы, арганізавана выдавецкая дзейнасць. Мэтай гэтага, па словах кіраўніка Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі, з’яўляецца евангелізацыя культуры.

Урачыстую службу ў касцёле ўзначаліў апостальскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Марцін Відовіч. На імшы таксама прысутнічалі вікарны біскуп Мінска-Магілёўскі Антоні Дзям’янка, апостальскі візітатар для грэка-каталікоў у Беларусі Сяргей Гаек, прадстаўнік праваслаўнага мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта Аляксандр Шымбалёў.

Как вам новость?
Головоломки