МТС не выключае магчымасці павышэння тарыфаў на сотавую сувязь

26.04.2011 17:05
Архив Редакция

Павышэнне тарыфаў на сотавую сувязь у Беларусі не выключана пры адпаведных умовах і падставах. Пра гэта паведаміў 26 красавіка генеральны дырэктар СТАА "МТС" Уладзімір Карповіч. Паводле яго слоў, кампанія МТС падпісала пагадненне з міністэрствам эканомікі, якое зацвярджае парадак цэнаўтварэння на паслугі сотавай сувязі.

«Гэты дакумент дае магчымасць беларускаму аператару змяняць тарыфы, аднак пакуль аператар не звяртаўся і не праводзіў перамовы па гэтым пытанні з прадстаўнікамі мінэканомікі», — распавёў Уладзімір Карповіч, перадае БелТА.

Закранаючы магчымае павышэнне коштаў на тэрмінальнае абсталяванне, Уладзімір Карповіч нагадаў, што кампанія працуе як па схеме гуртовых паставак ад свайго імя, так і супрацоўнічае з кампаніямі, прадстаўленымі на тэрыторыі Беларусі. Адпаведна, калі адбываецца змена коштаў у гуртавіка, то гэта адбіваецца і на раздробе, растлумачыў гендырэктар кампаніі.

Уладзімір Карповіч таксама адзначыў, што цяперашняя сітуацыя на валютным рынку не адбіваецца на інвестыцыйнай актыўнасці і фінансавай дзейнасці аператара. «Ёсць фінансавыя інструменты (акрэдытыўная форма), якія былі сфармаваны яшчэ ў мінулым годзе», — растлумачыў ён.

Беларуска-расійскае сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Мабільныя Тэлесістэмы» прадстаўляе ў Беларусі паслугі сотавай сувязі ў стандарце GSM 900/1800 з 2002 года, а таксама ў стандарце UMTS — з 2010 года. Заснавальнікамі СТАА з’яўляюцца РУП «Белтэлекам» (51% статутнага капіталу) і расійскае ААТ «Мабільныя ТэлеСістэмы» (49%).

Как вам новость?