МУС: аб'ём беларускага рынку сэкс-паслуг — 100 тыс. даляраў на дзень

16.06.2010 13:59
Архив Редакция

Аб'ём беларускага рынку сэкс-паслуг складае каля 100 тыс. даляраў у дзень пры ўліку сярэдняга кошту за паслугу ў 50-70 даляраў за гадзіну. Пра гэта распавёў намеснік начальніка аддзела па процідзеянні злачынствам у сферы маралі ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі Уладзімір Емяльянаў.

Па словах прадстаўніка МУС, увогуле ў Беларусі не праводзілася даследаванняў на конт таго, колькі грошай «круціцца» на ценявым рынку сэкс-паслуг.

«Але ўвогуле ў нас на ўліку стаяць каля 1,8 тыс. асобаў, якія займаюцца прастытуцыяй, — расказаў Уладзімір Емяльянаў. — Сярэдні кошт за паслугу — ад 50 да 70 даляраў. Вось давайце палічым. Дапусцім, у адзін дзень, выходны да прыкладу, усе гэтыя дамы знайшлі па адным кліенце. Атрымліваецца, мінімум 90 тыс. даляраў яны ўсе разам заробяць, калі браць мінімальны тарыф — 50 даляраў. У Мінску цэннік бывае і 100, і 200 даляраў».

Пры гэтым супрацоўнік міністэрства ўнутраных спраў адзначыў, што найбольш прывабныя дзяўчаты ідуць у інтэрнэт і часта працуюць без сутэнёраў. Кажучы аб тым, хто ўвогуле займаецца прастытуцыяй, Уладзімір Емяльянаў заявіў, што сярод прадстаўніц гэтай прафесіі бываюць і 50-гадовыя жанчыны, якія яшчэ з савецкіх часоў у гэтай сферы, перадае БелТА.

«А так сярэдні ўзрост прастытутак 27-30 гадоў. Сярод іх шмат прыгожых і маладых дзяўчат, якія думаюць, што ўсё наперадзе. Трапляюцца і студэнткі. Яны прастытуцыю лічаць часовым заняткам. Думаюць, што годзік-два папрацаваць, а потым кінуць. Некаторым удаецца. Кідаюць і забываюць, як страшны сон. Сустракаюцца і такія, якія ўжо па жыцці прастытуткі. На іх нічога не падзейнічае. Яны спакойна кажуць аб сваім занятку. Без сораму», — канстатаваў прадстаўнік МУС.

Емяльянаў: прастытуцыя ў Беларусі — не крымінальшчына

Па словах Уладзіміра Емяльянава, за добраахвотную прастытуцыю ў Беларусі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць — арт. 17.5 КаАП. «Калі ловяць першы раз — да 20 базавых велічыняў (каля 230 даляраў), паўторна на працягу года — да 50 базавых (прыкладна 580 даляраў). Таксама ў абодвух выпадках могуць даць 15 сутак арышту. Але прастытуцыя ў Беларусі — не крымінальшчына», — сказаў прадстаўнік МУС.

Кажучы аб тым, ці збіраюцца ў Беларусі ўводзіць штрафы для кліентаў, якія карыстаюцца паслугамі прастытутак, Уладзімір Емяльянаў адзначыў, што гэтае пытанне не так проста вырашыць.

«Трэба разумець, што злавіць кліента за руку складана. Гэта ж цэлы комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Вялікія намаганні трэба прыкласці. А ці будуць яны апраўданыя? Вось прыцягненне да адказнасці менавіта тых, хто карыстаецца паслугамі ахвяр гандлю людзьмі, — гэта ўжо больш рэальны варыянт. Гаворка ідзе пра тое, калі кліент ведае, што жанчына займаецца прастытуцыяй пад прымусам», — канстатаваў супрацоўнік міністэрства.

Закранаючы пытанне легалізацыі прастытуцыі ў Беларусі, Уладзімір Емяльянаў заявіў, што і тут няма гатовага рашэння праблемы. «Некаторыя думаюць, калі прастытуцыю легалізаваць, то адразу будзе ўсё добра. На жаль, вопыт некаторых краін паказвае, што не ўсё так проста. Вось у Германіі бардэлі выйшлі з ценю, у дзяржаўны скарб пачалі паступаць грошы. У легальных дамах цярпімасці сэкс-паслугі аказваюць дагледжаныя жанчыны, над імі ёсць кантроль. А колькі з’явілася падпольных бардэляў? Бо многія нашы распрацоўкі звязаны менавіта з імі. Туды і беларускія дзяўчаты трапляюць», — рэзюмаваў прадстаўнік МУС.

Как вам новость?
Головоломки