МУС адпрацуе дачыненне анархістаў да інцыдэнту каля амбасады Расіі

03.09.2010 10:15
Архив Редакция

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі будзе адпрацоўваць у ліку іншых версію аб датычнасці групы анархістаў да інцыдэнту на тэрыторыі амбасады Расіі ў Мінску. Пра гэта паведамілі 2 верасня ў ГУУС Мінгарвыканкама. "Следства арыентавана на тое, каб праверыць гэтую і іншыя версіі дадзенага злачынства аператыўна, хутка і якасна", — падкрэслілі ў ГУУС.

Супрацоўнікі ГУУС падкрэслілі, што «пры расследаванні крымінальных спраў, за здзяйсненні якіх бяруць на сябе адказнасць прадстаўнікі экстрэмісцкіх структураў, следства выкарыстоўвае, у тым ліку, і агентурную сетку. Следча-аператыўная група адпрацоўвае інфармацыю па ўсіх напрамках», перадае АФН.

Па дадзеных ГУУС, у Беларусі анархісты афіцыйна не зарэгістраваныя. «Гэта некалькі дзясяткаў людзей ва ўзросце 16-30 гадоў. У іх няма звычайнай для арганізацыі структуры — няма лідара, іерархіі, фіксаванага членства», — растлумачылі спецыялісты.

Апошні раз беларускія анархісты «заявілі пра сябе» у 2009 годзе. Тады група падлеткаў, выступаючы супраць правядзення сумесных беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў, спаліла расійскі сцяг каля будынку міністэрства абароны Беларусі ў Мінску.

Пасля гэтага інцыдэнту супрацоўнікі міліцыі затрымалі некалькіх непаўнагадовых, якія называлі сябе анархістамі, і прызначылі ім штрафы за хуліганскія дзеянні. «У праваахоўных органаў ёсць інфармацыя, хто тады кіраваў дзеяннямі дадзенай групы непаўнагадовых анархістаў», — адзначылі ў ГУУС.

Акрамя таго, як паведамілі ў ГУУС, перыядычна асобы, што пазіцыянуюць сябе як анархісты, прымаюць удзел у вулічных акцыях апазіцыі. «Але ў апошні час лідары шэрагу апазіцыйных структураў выказалі незадаволенасць тым, што анархісты прыходзяць на іх акцыі і тым самым піяраць сябе», — распавялі спецыялісты.

Адміністрацыя сайту выдаліла заяву анархістаў

Між тым, заява групы анархістаў аб іх дачыненні да інцыдэнту ў расійскім пасольстве, апублікаваная на сайце «Беларуская Індымедыя», праз некаторы час была выдаленая адміністратарамі сайту.

Замест гэтага на рэсурсе размясцілі афіцыйную заяву, у якой гаворыцца аб тым, што «кампанія па вызваленні хімкінскіх закладнікаў не мае інфармацыі, ці з’яўляецца гэтая акцыя дзеяннямі правакатараў ці сапраўды неабыякавых людзей». «Але мы ўпэўнены, што падобныя дзеянні не могуць дапамагчы ні зняволеным таварышам, ні кампаніі ў цэлым», — гаворыцца ў заяве.

Як раней перадаваў Тэлеграф, 2 жніўня на сайце «Беларуская Індымедыя» з’явілася заява, у якой адказнасць за нядаўні інцыдэнт на тэрыторыі расійскага пасольства ў Мінску ўзяла на сябе анархісцкая групоўка пад назвай «Сябры Свабоды». Як гаворыцца ў заяве, інцыдэнт ля амбасады быў акцыяй пратэсту супраць арыштаў у дачыненні да актывістаў, якія выйшлі на абарону Хімкінскага лесу ў Маскве.

Как вам новость?