МУС арыштавала брата аднаго з найбуйнейшых бізнэсоўцаў Беларусі

04.02.2011 15:12
Архив Редакция

Супрацоўнікі МУС Беларусі затрымалі роднага брата кіраўніка праўлення ТАА "Табак-Інвест" і саўладальніка гандлёвага цэнтра "Карона" Паўла Тапузідзіса. Віталя Тапузідзіса падазраюць у падбухторванні да дачы буйнога хабару службовым асобам дзяржорганаў, аперацыю па яго затрыманні назвалі адной з самых складаных у галіне процідзеяння карупцыі за апошнія гады.

Павел Тапузідзіс ўваходзіць у дзясятку самых буйных і набліжаных да ўлады бізнэсоўцаў краіны. Ён падтрымлівае даволі блізкія адносіны з прэзідэнтам і прымае ўдзел у яго выбарчых кампаніях, піша беларускі «Ежедневник».

Ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі ад якіх-небудзь каментароў па гэтай справе адмовіліся. У дадзены момант міністэрства ўнутраных спраў правярае тых чыноўнікаў, якім, як мяркуецца, збіраўся перадаць грошы Віталь Тапузідзіс.

Апошні часам называе сябе Уладзімірам і мае сумнеўную рэпутацыю, вядомы ў праваахоўных органах, паколькі не мае адносінаў да бізнэсу свайго брата, але, бывала, прыкрываўся яго імем і знаёмствамі. Так, у 2006 годзе праваахоўныя органы ўзбудзілі крымінальную справу, западозрыўшы кампанію «Табак-Інвест» у кантрабандзе цыгарэтаў у Беларусь праз падстаўную структуру. Аднак стала вядома, што гэта арганізаваў Віталь Тапузідзіс. Справу «замялі». Таму журналісты выдання мяркуюць, што затрыманы нядаўна мужчына зноў выкарыстаў імя брата, спрабуючы паказаць камусьці, што ён можа «вырашаць нейкія пытанні».

Антыкарупцыйную аперацыю правялі супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй і спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» МУС. У панядзелак, 31 студзеня, каля 16:00 яны затрымалі заснавальніка ТАА «РІНТІ плюс» Г. У мужчыны выявілі пяць тысяч даляраў, якія яму перадаў генеральны мэнэджар ТАА «Дом Аўгусцін Лопес», які з’яўляецца грамадзянінам Конга і мае беларускі від на жыхарства.

«Дом Аўгусцін Лопес» — кіруючая арганізацыя мінскага рэстарана CASA AGUSTIN LOPEZ, які арандуе памяшканне ва Упраўлення справамі прэзідэнта. Грошы прызначаліся для перадачы службовым асобам дзяржорганаў за станоўчае рашэнне ў пытанні заключэння дамовы арэнды на ўмовах, выгадных рэстарану.

На першым допыце затрыманы распавёў, што пытанні са службовымі асобамі УДП павінен быў вырашаць Віталь Тапузідзіс, які можа гэта зрабіць дзякуючы сувязям брата. Праз дзве гадзіны супрацоўнікі ГУБАЗіК і «Алмаза» арыштавалі брата бізнэсмэна. Яго падазраюць у падбухторванні кіраўніка «Дома Аўгусцін Лопес» да дачы хабару памерам у 10 тыс. даляраў указаным вышэй асобам. Ці сапраўды Віталь Тапузідзіс збіраўся «вырашаць пытанні» з арэндай, невядома.

Как вам новость?
Головоломки