МУС Беларусі: у нас ёсць відэа з доказам віны расійцаў

15.02.2011 16:37
Архив Редакция

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі мае відэаматэрыялы, якія пацвярджаюць віну затрыманых у Мінску расійцаў Івана Гапонава і Арцёма Брэуса, якія праходзяць абвінавачанымі па "справе 19 снежня". Пра гэта 15 лютага паведаміў журналістам намеснік начальніка аддзела галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Аляксандр Шарэйка.

«Грамадзяне Расіі Іван Гапонаў і Арцём Брэус, якія праходзяць абвінавачанымі па справе аб масавых беспарадках у Беларусі 19 снежня, аказвалі актыўны супраціў прадстаўнікам улады, аб чым сведчаць відэаматэрыялы, наяўныя ў праваахоўнікаў», — цытуе прадстаўніка МУС БелТА.

«Несанкцыянаваны мітынг, які пачаўся вечарам 19 снежня, перарос у масавыя беспарадкі, у тым ліку пагромы і супраціў прадстаўнікам органаў улады. Была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 293 КК Беларусі», — нагадаў Аляксандр Шарэйка.

У сваю чаргу начальнік дэпартаменту па грамадзянстве і міграцыі Аляксей Бягун паведаміў, што як асобныя грамадзяне Расіі здзяйсняюць злачынствы на тэрыторыі Беларусі, так і некаторыя беларускія грамадзяне здзяйсняюць злачынствы на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.

Па дадзеных МУС, у мінулым годзе беларусы здзейснілі ў Расіі каля 1,5 тыс. крымінальных злачынстваў, а грамадзяне Расіі на беларускай тэрыторыі — больш за палову ўсіх крымінальных злачынстваў, якія здзейсненыя замежнымі грамадзянамі.

Аляксей Бягун таксама паведаміў, што нядаўна ў Маскве прайшла сустрэча прадстаўнікоў МУС Беларусі і Федэральнай міграцыйнай службы Расіі. У прыватнасці, абмяркоўваўся праект праграмы фармавання агульнай міграцыйнай прасторы, што павінна стартаваць ў 2012 годзе. Акрамя таго, размова ішла аб стварэнні агульнай візавай прасторы Саюзнай дзяржавы.

Тым часам, як ужо перадаваў Тэлеграф, дата судовага паседжання па справе затрыманых расійцаў, якfя накіравана ў Маскоўскі суд Мінску, не вызначана.

Расійцы Арцём Брэус і Іван Гапонаў былі затрыманыя падчас масавых дэманстрацыяў 19 снежня ў Мінску. Пасля адбыцця 10-дзённага арышту за «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання» іх вызвалілі 29 снежня, аднак у той жа дзень затрымалі паўторна.

Арцёму Брэусу і Івану Гапонаву 5 студзеня прад’явілі абвінавачванне ў рамках крымінальнай справы аб арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, якія прайшлі ў Мінску пасля выбараў прэзідэнта па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі, што прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 15 гадоў. Пазней затрыманым расійцам змянілі абвінавачанне, на сённяшні дзень ім інкрымінуюць толькі ўдзел у масавых беспарадках, што пагражае пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

Как вам новость?