МУС і БРСМ будуць агітаваць за вуліцы без алкаголю

10.03.2010 17:32
Архив Редакция

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі сумесна з міністэрствамі аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту і турызму, а таксама пры ўдзеле ЦК ГА "БРСМ" правядуць з 22 па 31 сакавіка рэспубліканскую акцыю «Вуліцы без алкаголю!». Пра гэта паведамілі ў упраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі.

“Мэтай мерапрыемства з’яўляецца прапаганда здаровага ладу жыцця, фармаванне ў дзяцей і моладзі ўсвядомленых правапаслухмяных паводзін, а таксама інфармаванне пра новыя патрабаванні антыалкагольнага заканадаўства. У прыватнасці, пра забарону на выраб і збыт самагонкі, распіванне слабаалкагольных напояў і піва ў грамадскіх месцах“, — распавялі ў МУС.

“Для правядзення шырокамаштабнай тлумачальнай працы ведамства распрацавала адпаведныя агітацыйныя матэрыялы, якія будуць змешчаны ва ўстановах пазначаных ведамстваў, а таксама ў грамадскім транспарце, на прыпыначных пунктах, чыгуначных і аўтавакзалах“, — адзначылі ў міністэрстве.

Акрамя таго, ва ўстановах адукацыі і культуры ініцыятары акцыі плануюць арганізаваць выставы дзіцячага малюнка на тэму здаровага ладу жыцця і недапушчэння ўжывання алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва ў грамадскіх месцах, а таксама тэматычныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да ладжанай акцыі – пазакласныя гадзіны, лекцыі, гутаркі, віктарыны, дыскатэкі.

“У другі дзень акцыі, 23 сакавіка, на базе Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі адбудзецца інтэрнэт-канферэнцыя. На пытанні навучэнцаў сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, што тычацца дадзенай праблематыкі, адкажуць спецыялісты МУС, мінадукацыі і мінздара“, — праінфармавалі ў МУС Беларусі.

МУС: праблема алкагалізму па-ранейшаму з’яўляецца актуальнай

У ведамстве нагадалі, што барацьба з п’янствам і алкагалізмам, а таксама мінімізацыя іх негатыўных наступстваў з’яўляюцца “аднымі з прыярытэтных кірункаў дзейнасці ўсіх зацікаўленых дзяржаўных органаў”.

“Канцэнтрацыя высілкаў менавіта на гэтых кірунках дазволіла замацаваць станоўчыя тэндэнцыі ў дынаміку злачыннасці і, безумоўна, паўплывала на зніжэнне ў 2009 годзе на 5,5% колькасці крымінальна каральных дзеяў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення“, — падкрэслілі ў міністэрстве ўнутраных спраў.

Тым не менш, у МУС распавялі, што праблема алкагалізму па-ранейшаму актуальная ў краіне. “Летась ад атручванняў алкаголем, у тым ліку і сурагатным, у Беларусі загінула больш за 2,4 тыс. чалавек, што амаль на тысячу больш, чым ад злачынных замахаў“, — канстатавалі ў міністэрстве.

Как вам новость?
Головоломки