МУС: канфіскаваны ў апазіцыі «цэлы арсенал» застаецца ў Доме ўрада

21.12.2010 16:08
Архив Редакция

Намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Алег Пякарскі паведаміў, што 19 снежня ў мітынгоўцаў быў канфіскаваны «цэлы арсенал» рэчаў і прыстасаванняў для нанясення траўмаў, які затым аператыўнікі перанеслі ў Дом урада. З такой заявай прадстаўнік МУС выступіў у эфіры тэлеканала АНТ.

Прыкладам падобных прыстасаванняў Алег Пякарскі назваў арматуру, якая «адмыслова зробленая ў выглядзе кароткіх загваздак, каб біць па нагах, каб чалавек не мог выстаяць на нагах». Таксама, паводле яго слоў, у склад арсенала ўваходзяць магніты ад калонак. Прадстаўнік сілавых структур растлумачыў, што іх вага складае 300-400 грамаў, і таму «яны выкарыстоўваліся для нанясення цялесных пашкоджанняў і кідаліся ў супрацоўнікаў міліцыі». Намеснік міністра згадаў таксама і пра  бутэлькі з гаручай сумессю, якія знаходзіліся сярод рэчаў.

«Па аператыўнай інфармацыі, адным з лозунгаў мітынгоўцаў быў падпал некаторых адміністрацыйных будынкаў», — адзначыў ён.

Наступнымі прыстасаваннямі для нанясення траўмаў Алег Пякарскі назваў дымавыя шашкі, сякеру і рыдлёўку.

«Было затрымана два мікрааўтобусы. На жаль, дэманстранты не зразумелі, што мы не дазволім прывезці туды рэчы, якімі можна наносіць пашкоджанні, і яны падрыхтавалі іншы мікрааўтобус, які таксама быў затрыманы», — растлумачыў прадстаўнік МУС.

У дадзены момант, сцвярджае ён, аператыўныя органы аглядаюць канфіскаванае, каб даць прававую ацэнку таго, што здарылася. Алег Пякарскі таксама адзначыў, што Дом урада мае патрэбу ў неадкладным зашкленні.

«Мы не выключаем, што можа адбыцца замарожванне ўсёй ацяпляльнай сістэмы. Але, безумоўна, самая вялікая шкода — гэта маральная шкода, тое, што ў Беларусі паспрабавалі разыграць сцэнар Малдовы, Украіны і іншых дзяржаў», — лічыць ён.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, 19 снежня ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў каля 30 тысяч беларусаў правялі дэманстрацыю на плошчы Незалежнасці. Моладзь прыйшла туды з кветкамі ў руках.

Аднак, некаторыя з тых, хто сабраўся разбілі вокны і дзверы ў Дом урада. Арганізатары акцыі назвалі гэта правакацыяй і заклікалі мітынгоўцаў не паддавацца на яе. Пасля здарэння супрацоўнікі спецназа пачалі затрымліваць людзей, збіваючы іх нагамі і дубінкамі. У многіх з іх разбітыя галовы, у некаторых выбітыя зубы.

Арыштаваныя сем кандыдатаў у прэзідэнты ад апазіцыі і прадстаўнікі іх штабоў, у офісах і кватэрах актыўных дзеячаў праведзеныя ператрусы. Пацярпелі таксама журналісты, у тым ліку і замежныя.

Затрыманні працягнуліся і падчас акцыі апазыцыі на плошчы Незалежнасці 20 снежня.

На дадзены момант вядома аб затрыманні больш за 700 чалавек, у тым ліку цяжарнай жанчыны. Каля 600 з іх ужо вынесеныя судовыя прысуды.

Акрамя таго, 19 снежня, у дзень выбараў, невядомыя ў чорным напалі на штабную калону кандыдата Уладзіміра Някляева на вуліцы Няміга каля дома № 32.

Невядомыя «паклалі» дэманстрантаў, якія рухаліся ў бок Кастрычніцкай плошчы Мінску, на снег і забралі з аўтобуса гукаўзмацняльную апаратуру, пасля чаго з’ехалі на дзвюх машынах. Падчас захопу кандыдат у прэзідэнты Някляеў быў збіты. Яго перанеслі на офіс, пасля чаго на «хуткай» завезлі ў лякарню, а ўначы — у незразумелым кірунку. Жонка Уладзіміра Някляева Вольга заявіла аб гвалтоўным выкраданні свайго мужа. Пазней высветлілася, што палітык і яшчэ чацвёра затрыманых пазней кандыдатаў у прэзідэнты знаходзяцца ў СІЗА КДБ.

Как вам новость?
Головоломки