МУС: Канстытуцыя не дазваляе раскрываць статус Бакіева ў Беларусі

29.07.2010 16:09
Архив Редакция

Афіцыйныя беларускія ўлады адмовіліся каментаваць статус знаходжання звергнутага прэзідэнта Кыргызстана Куманбека Бакіева ў Беларусі, спаслаўшыся пры гэтым на Канстытуцыю краіны. Па словах начальніка дэпартаменту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксея Бегуна, Канстытуцыя гарантуе  невыданне інфармацыі аб прадстаўленні прытулку без згоды на тое чалавека, які звярнуўся з нагоды прадстаўлення прытулку.

«Канстытуцыя Беларусі гарантуе невыданне інфармацыі аб тым, калі грамадзянін іншай краіны звяртаецца за прадстаўленнем прытулку. Для адкрыцця інфармацыі неабходная згода гэтага чалавека. Таму я не магу казаць, ці звяртаўся К. Бакіеў у кампетэнтныя органы Беларусі з нагоды прадстаўлення яму прытулку і ў якой стадыі знаходзіцца гэтае пытанне», — цытуе прадстаўніка МУС АФН.

Аднак, паводле Канстытуцыі Беларусі грамадзяне маюць права ведаць аб усіх рашэннях, якія прымаюцца кіраўніцтвам краіны, а апошняе ў сваю чаргу абавязана інфармаваць насельніцтва пра гэта.

Бягун: усё больш замежнікаў прыязджае ў Беларусь на ПМЖ

Разам з гэтым, Аляксей Бягун расказаў, што ўсё больш іншаземцаў прыязджае у Беларусь на пастаяннае месца жыхарства. «У першым паўгоддзі 2010 года колькасць замежных грамадзянаў, якія перасяліліся ў Беларусь,  павялічылася ў параўнанні з мінулым годам прыкладна на 20%. Міграцыйнае сальда Беларусі па-ранейшаму застаецца дадатным», — адзначыў Аляксей Бягун, перадае БелТА.

Паводле дадзеных прадстаўніка МУС, у студзені-чэрвені з заявай аб прадстаўленні статусу бежанца ў адпаведныя органы звярнулася 90 чалавек. Большая іх частка, як і раней, — выхадцы з Афганістана, якія складаюць каля 70% з усіх 819 замежных грамадзянаў, прызнаных бежанцамі ў Беларусі, адзначыў Аляксей Бягун. Пры гэтым ён адзначыў, што даволі часта з просьбай аб прадстаўленні прытулку ў Беларусі звяртаюцца пакістанцы, жыхары Афрыкі і некаторых дзяржаў СНД. Акрамя таго, сёлета больш за 100 бежанцаў атрымалі грамадзянства Рэспублікі Беларусь, дадаў Аляксей Бягун.