МУС: "Карта беларуса" з'явіцца не раней за 2012 год

07.07.2010 10:11
Архив Редакция

У 2009 годзе беларускія чыноўнікі актыўна гаварылі аб стварэнні так званай "карты беларуса". Аднак, як паведаміў начальнік дэпартаменту па грамадзянстве і міграцыі міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Бягун, рэалізацыю гэтай ідэю пакуль адклалі.

«Закон аб суайчынніках пакуль яшчэ рыхтуецца да разгляду, таму будзе гэтая карта беларуса або карта нейкае іншае асобы, пакуль нічога не вядома. Цяжка даць нейкую канкрэтную матывацыю, проста адклалі. Можа, быў патрэбны час і нейкае разуменне, што гэта будзе за законапраект», — патлумачыў Аляксей Бягун.

На сённяшні дзень законапраекта аб «карце беларуса» яшчэ няма. У лепшым выпадку ён будзе распрацаваны да канцы гэтага года, расказала намесніца дырэктара Цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Людміла Панфёрава, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».
 
«Пакуль з улікам пазіцыі нашых недзяржаўных арганізацый «Бацькаўшчыны» і «Радзімы», а таксама прадстаўнікоў дзяржорганаў, мы займаемся распрацоўкай канцэпцыі гэтага законапраекта. У нас пакуль такая стадыя, што мы сабралі прапановы ўсіх зацікаўленых і іх аналізуем», — праінфармавала чыноўніца.

У цяперашні момант эксперты цэнтру даследуюць падобныя законы ў 17 іншых краінах, каб выкарыстоўваць замежны вопыт у беларускім праекце. Напрыклад, «карту паляка» (дакумент, які пацвярджае прыналежнасць асобы да польскага народу) атрымалі ўжо 17 тыс. беларусаў. Гэты дакумент дазваляе яго ўладальнікам атрымліваць бясплатную гадавую візу ў Польшчу, свабодна працаваць і вучыцца ў гэтай краіне, а таксама пачаць там уласны бізнэс.

Колькі часу зойме распрацоўка канцэпцыі «карты беларуса» і адпаведнага законапраекта, пакуль невядома.

«Калі будзе зацверджана канцэпцыя, то тады мы можам ўнесці гэты закон у план падрыхтоўкі законапраектаў. Тады за год адпаведны праект распрацоўваецца, і ўносіцца ў парламент. Так выглядае агульная працэдура», — кажа Людміла Панфёрава.