МУС: міліцыя не будзе рэагаваць на правакацыі падчас агіткампаніі

18.11.2010 15:15
Архив Редакция

Намеснік міністра ўнутраных спраў Яўген Полудзень 18 лістапада заявіў, што падчас правядзення агітацыйнай кампаніі на прэзідэнцкіх выбарах, у тым ліку на маштабнай акцыі апазіцыі ў Мінску, супрацоўнікі міліцыі не будуць рэагаваць на правакацыі. "Міліцыя будзе забяспечваць грамадскі парадак у адпаведнасці з законам, не паддаючыся на правакацыі асобных людзей", — падкрэсліў намеснік кіраўніка МУС.

Па словах Яўгена Полудня, праваахоўнікі будуць затрымліваць толькі тых, хто зробіць сур’ёзныя правапарушэнні, а ў астатніх выпадках будуць праводзіцца прафілактычныя гутаркі. «Калі чалавек нас разумее, мы не будзем яго затрымліваць», — падкрэсліў намеснік міністра ўнутраных спраў.

Яўген Полудзень паведаміў, што бліжэй да саміх выбараў міліцыя пяройдзе на ўзмоцнены рэжым нясення службы. Намеснік міністра таксама адзначыў, што за мінулы перыяд перадвыбарнай кампаніі праваахоўнікі не выявілі абуральных фактаў парушэння закона, перадае БелТА.

Разам з тым, Яўген Полудзень канстатаваў, што абстаноўка на вуліцах беларускіх гарадоў у апошні час нашмат палепшылася. Гэтаму, па словах прадстаўніка МУС, шмат у чым паспрыяла забарона на распіццё піва ў грамадскіх месцах. Паводле слоў намесніка міністра, узровень культуры грамадзян адчувальна вырас, і людзі ведаюць ужо не толькі абавязкі міліцыі, але і свае абавязкі і правы.

Яўген Полудзень таксама паведаміў, што беларуская міліцыя працягвае актыўна выкарыстаць сусветны досвед забеспячэнні парадку на масавых мерапрыемствах. Так, усё больш супрацоўнікаў міліцыі валодае замежнымі мовамі. Гэта дазваляе эфектыўна забяспечваць бяспеку на міжнародных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў Беларусі.

Акрамя таго, па словах прадстаўніка МУС, міліцыя актыўна працуе з футбольнымі фанатамі. Яўген Полудзень заявіў, што ў найбліжэйшай будучыні супрацоўнікі міліцыі падчас правядзення матчаў плануюць ахоўваць толькі непасрэдна перыметры стадыёнаў, а на саміх трыбунах будуць знаходзіцца сцюарды — грамадзянскія супрацоўнікі. Паводле слоў намесніка міністра ўнутраных спраў, такая сусветная практыка ўжо даказала сваю эфектыўнасць.

Как вам новость?
Головоломки