МУС: міліцыя не ўжывала газ у "Брузгах"

13.06.2011 15:01
Архив Редакция

У міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі паведамілі, што міліцыя не ўжывала слезацечны газ для разгону мітынгу на пагранпераходзе "Брузгі" ў Гарадзенскай вобласці. "Нявызначанай асобай быў ужыты слезацечны газ. У выніку гэтага супрацоўнік міліцыі і адзін з удзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства з хімічным апёкам вачэй былі дастаўленыя ва ўстановы аховы здароўя", — адзначылі ў МУС.

Як адзначылі ў ведамстве, каля 200 чалавек перакрылі ўезд аўтатранспарту на пункт пропуску. Людзі, якія сабраліся, высунулі патрабаванне аб сустрэчы з прадстаўнікамі органаў улады для абмеркавання ўведзеных абмежаванняў на вываз за мяжу тавараў і паліва. У сувязі з гэтым прыбылі старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра, кіраўнікі абласных УУС, УКДБ, пракуратуры і мытні, якія «патлумачылі прысутным эканамічную сітуацыю ў краіне, папярэдзілі пра неправамернасць іх дзеянняў і запатрабавалі супрацьпраўную акцыю спыніць».

Нягледзячы на гэта пратэстоўцы працягвалі блакаваць праезд, «выказвалі незадаволенасць прынятымі абмежаваннямі, выкарыстоўваючы ў сваёй прамове грубую нецэнзурную лаянку». У 20:55 супрацоўнікі міліцыі пачалі адціскаць грамадзян з праезнай часткі, «некаторыя з іх аказалі непадпарадкаванне і адкрыты супраціў міліцыянтам». Разгон акцыі скончыўся ў 21:00.

Міліцыянты затрымалі 14 чалавек, якіх змясцілі ІЧУ Кастрычніцкага РАУС Горадні да разгляду адміністрацыйных спраў у судзе. У іх дачыненні склалі адміністрацыйныя пратаколы па артыкуле 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў) і артыкуле 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання) КаАП Рэспублікі Беларусь.

Как вам новость?
Головоломки