МУС: інсінуацыі ў СМІ пра тэракт ў Мінску камусьці выгадныя

25.04.2011 11:46
Архив Редакция

У міністэрстве ўнутраных спраў вельмі адмоўна ставяцца да рознага роду "інсінуацыяў" на тэму выбуху ў мінскім метро. Аб гэтым 25 красавіка заявіў міністр унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў. Паводле яго слоў, спекуляцыямі ў СМІ аб тым, што затрыманыя выканаўцы тэракту 11 красавіка не маглі арганізаваць падобны тэракт, займаюцца тыя, каму гэта выгадна.

«Ужо не засталося ні аднаго чалавека, які сумняецца ў тым, што знойдзены менавіта тыя асобы, якія маюць дачыненне да выбуху на станцыі метро «Кастрычніцкая». Яны вырабілі выбухная прылада. Цяпер ідзе ацэнка тых доказаў, якія выяўлены ў працэсе расследавання крымінальнай справы. Прэзідэнтам краіны пастаўлена задача ў найкарацейшыя тэрміны забяспечыць якаснае, поўнае, аб’ектыўнае расследаванне крымінальнай справы для таго, каб мець канчатковую ацэнку ўжо ў судзе», — заявіў міністр унутраных спраў падчас он-лайн канферэнцыі ў Белтэлерадыёкампаніі.

«У мяне як у міністра ўнутраных спраў сумненняў у тым, што гэта менавіта тыя асобы, няма. Я думаю, што нават пасля суда знойдуцца людзі, якія будць сумнявацца ў тым, што мы прыцягнулі да адказнасці менавіта тых людзей», — падкрэсліў Анатоль Куляшоў.

Суд па справе аб тэракце ў Мінску можа прайсці ў адкрытым фармаце

Міністр унутраных спраў паведаміў, што пераканацца ў тым, што затрыманыя асобы сапраўды датычныя да тэракту ў Мінску можна будзе непасрэдна ў ходзе судовага працэсу. «Я думаю, што суд будзе адкрытым і можна будзе на свае вочы ўсё назіраць і ацэньваць, нават не будучы спецыялістам, а потым ужо прыходзіць да ўласнай высновы — так гэта ці не так», — адзначыў Анатоль Куляшоў.

Кіраўнік МУС таксама адзначыў неацэнную дапамогу замежных экспертаў (у тым ліку ізраільскіх і расійскіх) ў расследаванні тэракту 11 красавіка.

«Любая камунікацыя, любая своечасова зробленая падказка (а ў ізраільскіх спецслужбаў вельмі багаты, хоць і сумны, вопыт) мае неацэнную дапамогу не толькі пры расследаванні такога роду злачынстваў, але нават для прафілактычных мерапрыемстваў, для пашырэння сваіх ведаў у галіне вельмі спецыфічнай. Таму карысць велізарная ад таго, што яны тут былі», — адзначыў Анатоль Куляшоў.

Аператыўнаму расследаванню тэракту, па словах кіраўніка МУС, спрыялі і тэхнічныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца праваахоўнікамі, і навыкі задзейнічаных спецыялістаў, і іх высокі прафесіяналізм, і дакладнае ўзаемадзеянне, добрая скаардынаваная праца ўсіх праваахоўных органаў — КДБ, МУС і пракуратуры. «Калі б гэтай дакладнай каардынацыі і ўзаемадзеяння не было, то мы б не змаглі так аператыўна раскрыць гэта злачынства», — перакананы Анатоль Куляшоў.

МУС: затрыманні па справе аб тэракце 11 красавіка больш не праводзяцца

Кіраўнік МУС таксама абверг інфармацыю пра тое, што нават пасля затрымання падазраваных тэрарыстаў праваахоўныя органы працягваюць праводзіць затрымання асобаў, нібыта датычных да выбуху ў мінскім метро. «Ніякіх арыштаў, ніякіх затрыманняў няма. Тыя, каго затрымалі, сапраўды знаходзяцца ў следчым ізалятары. Ні больш, ні менш», — заявіў Анатоль Куляшоў.

Міністр унутраных спраў таксама паведаміў, што службовыя асобы, якія не прынялі належныя меры для прадухілення тэракту ў метро, панясуць адпаведнае пакаранне. Гэта можа тычыцца ў тым ліку і супрацоўнікаў міліцыі метрапалітэна.

«Мы ў МУС правялі ўжо тры службовыя праверкі, і ўсе матэрыялы накіраваныя кіраўніку следчай групы, якая займаецца расследаваннем гэтай справы — старшаму дарадцу юстыцыі Шведы Івану Андрэевічу. Там будзе дадзена прававая ацэнка», — паведаміў Анатоль Куляшоў.

У МУС блакаванне сайтаў з экстрэмісцкай інфармацыяй лічаць неэфектыўнай мерай

Між тым датычна дзейнасці сайта, на якім тэрарысты атрымалі інфармацыю па схеме выбухной прылады, кіраўнік МУС не змог адказаць, ці заблакавалі да яго доступ. Тым не менш, міністр лічыць падобную меру малаэфектыўнай.

«Усе сайты ж не заблакуеш. Гэтая інфармацыя на шматлікіх сайтах знаходзіцца. Адзін сайт можаш заблакаваць, другі — тут жа разблакуе. Таму з тэхнічнага пункту гледжання гэта вельмі няпроста ўсё зрабіць», — растлумачыў кіраўнік МУС.

Как вам новость?
Головоломки