МУС: па выніках інцыдэнту ў "Брузгах" затрыманыя 22 чалавекі

14.06.2011 09:24
Архив Редакция

Часовы выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч удакладніў дадзеныя пра затрыманні падчас несанкцыянаванай акцыі на пагранпераходзе "Брузгі". Паводле яго слоў, у выніку інцыдэнту затрыманыя 22 чалавекі, а не 14, як паведамляла раней МУС.

Прычым, гэтая лічба яшчэ не канчатковая, у цяперашні час праваахоўныя органы працягваюць мерапрыемствы па выяўленні арганізатараў і актыўных удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі, адзначыў Канстанцін Шалькевіч, перадае БелаПАН.

Па інфармацыі МУС, у акцыі ўдзельнічала каля 200 чалавек. У дачыненні да ўжо затрыманых складзеныя адміністрацыйныя пратаколы па двух артыкулах Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях — 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) і артыкуле 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання).

«Ацэнку дзеянням удзельнікаў акцыі дасць суд», — заявіў Канстанцін Шалькевіч.

МУС: заяў аб пакрыцці шкоды ад акцыі не паступала

Па словах прадстаўніка МУС, ніякіх заяў ад фізічных і юрыдычных асоб аб пакрыццi шкоды, учыненай удзельнікамі акцыі, у органы ўнутраных спраў не паступала. Ён растлумачыў, што гаворка можа ісці аб маральнай шкодзе, якую панеслі людзі, якія перасякаюць мяжу ва ўстаноўленым парадку і вымушаныя праз акцыі стаяць у чэргах.

Канстанцін Шалькевіч таксама паведаміў, што пакуль не атрымалася выявіць, хто з удзельнікаў акцыі падчас выцяснення іх міліцыяй з дарогі, распыліў слезацечны газ. У выніку пацярпеў супрацоўнік міліцыі і адзін з мітынгоўцаў. Прадстаўнік МУС таксама абверг інфармацыю, якая з’явілася ў інтэрнэце, што газ быў распылены міліцыяй.

Ён заявіў, што міліцыі вядома аб планаваных падобных акцыях, у прыватнасці сёння на пагранпераходзе «Брузгі». Па словах Канстанціна Шалькевіча, органы ўнутраных спраў гатовыя забяспечыць парадак.

«Міліцыя заклікана дзейнічаць у рамках прававога поля і стаяць на абароне інтарэсаў грамадзян краіны… Дастаткова сіл і сродкаў, каб забяспечыць парадак ва ўсіх пунктах пропуску. Дадатковыя меры пакуль не прымаліся», — сказаў прадстаўнік МУС.

Как вам новость?
Головоломки