МУС пачынае серыю службовых праверак на Гарадзеншчыне

26.05.2010 16:39
Архив Редакция

МУС Беларусі пачынае службовыя праверкі па фактах парушэнняў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў Гарадзеншчыны. Пра гэта 26 траўня паведаміў міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў. Нагодай для гэтага стала крытыка з боку прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, выказаная ім на нядаўняй нарадзе з актывам Гарадзенскай вобласці.

«Мы гэтую крытыку аб’ектыўна ўспрынялі і будзем рабіць усё што ад нас залежыць для таго, каб надалей падобных фактаў, мякка кажучы, жахлівага стаўлення да выканання службовых абавязкаў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў, у прыватнасці міліцыі, не адбывалася», — цытуе Анатоля Куляшова БелТА.
Па словах міністра, у МУС падобныя «ганебныя факты» ніколі не замоўчвалі і не будуць гэтага рабіць. «У выпадку ўстанаўлення парушэнняў крымінальнага заканадаўства, вінаватыя асобы будуць прыцягвацца да адказнасці. Патуранняў і палёгак ні для каго рабіць не будзем», — заявіў кіраўнік МУС. 
Кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў праваахоўныя органы Гарадзеншчыны за часам неабгрунтаваныя затрыманні кіраўнікоў прадпрыемстваў. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад праваахоўнікаў навучыцца адрозніваць звычайныя памылкі і дзеянні, звязаныя з рызыкай у цяперашніх умовах, ад злачынства.

Как вам новость?
Головоломки