МУС: паток кантрабанды з Беларусі ў ЕС павялічыўся ў разы

03.09.2010 08:52
Архив Редакция

Колькасць затрыманай кантрабанды, якую спрабавалі пераправіць праз беларускую мяжу ў Еўрасаюз, у 2010 годзе павялічылася ў разы ў параўнанні з мінулым годам. Пра гэта заявіў начальнік упраўлення па барацьбе з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэннямі Мытнага камітэту Беларусі Андрэй Міхалькевіч.

Па словах Андрэя Міхалькевіча, значна выраслі аб’ёмы тытунёвай і алкагольнай прадукцыі, а таксама наркатычных сродкаў, якія незаконна перамяшчаюць ў Еўрасаюз, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

«На сёння затрымана больш як 100 млн. штук цыгарэт. А за ўвесь мінулы год іх усяго толькі 77 млн. штук. Алкагольнай прадукцыі ў гэтым годзе шмат затрымліваецца, і высокая дынаміка росту затрымання: летась за гэты ж перыяд каля пяці тон затрымалі, а сёлета ўжо больш за 43,5 тоны. Рост затрыманняў і кантрабанды наркатычных сродкаў: сёлета ўжо 942 кілаграмы наркатычных сродкаў і псіхатропных прэпаратаў затрымалі мытныя службы ў выніку 52 спробаў кантрабанднага перамяшчэння праз мяжу. А летась было 32 перамяшчэнні і затрымалі менш за кілаграм», — паведаміў Андрэй Міхалькевіч.

Андрэй Міхалькевіч вылучыў небяспекі, якія ўзнікаюць пасля ўступлення Беларусі ў Мытны саюз. Па словах Андрэя Міхалькевіча, калі раней беларускіх мытнікаў мала цікавіла, што адбываецца на мяжы нашых суседзяў з Кітаем або на Чаркізаўсім рынку, то цяпер яны вымушаныя сачыць за падзеямі і прымаць меры эканамічнай бяспекі. «Мы будзем адсочваць законнасць паступленняў на беларускі рынак тавараў, якія будуць перамяшчацца з Расіі і Казахстана», — дадаў мытнік.

МУС: Захад хоча ўвезці ў Беларусь састарэлае абсталяванне

Па словах начальніка ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Эдуарда Нікіціна, на Захадзе толькі і чакаюць моманту, каб злачынна ўвезці ў Беларусь незапатрабаванае і састарэлае абсталяванне на суму звыш 500 млрд. даляраў.

«Дзяржаўныя закупкі праводзяцца на конкурснай аснове і па канкурэнтных прапановах. І гэта састарэлае і незапатрабаванае абсталяванне шляхам фальсіфікацыі дакументаў, змянення года выпуску, змянення характарыстык і выстаўлення на такія таргі гэтых фальсіфікаваных дакументаў спрабуюць пад выглядам новага сапхнуць ў Беларусь і іншыя краіны», — заявіў Эдуард Нікіцін.

Не так даўно, па словах прадстаўніка МУС, была сарваная пастаўка такога абсталявання. Краіна пазбегла стратаў на суму каля сямі млн. даляраў.

Нягледзячы на ўсе пералічаныя небяспекі, супрацоўнікі Мытнага камітэту і МУС лічаць, што ўваходжанне Беларусі ў Мытны саюз добра адбілася на эканамічнай бяспецы Беларусі. Андрэй Нікіцін заўважае, што ўніфікацыя ўнутры саюза сертыфікацыі і санітарна-гігіенічнай рэгістрацыі тавараў зводзіць да нуля рызыку, да прыкладу, новай «малочнай вайны».

Как вам новость?
Головоломки