МУС: перад выездам за мяжу пераканайцеся, што вы не ў спісе невыязных

17.05.2011 15:15
Архив Редакция

Намеснік начальніка дэпартаменту па грамадзянстве і міграцыі Віктар Ігнатовіч 17 траўня на брыфінгу ў МУС параіў грамадзянам перад выездам за мяжу, пераканацца, што іх не ўнеслі ў спіс невыязных. Ён заклікаў тых, хто не ўпэўнены ў сваёй адсутнасці ў спісе невыязных, звярнуцца з дакументам, што пацвярджае асобу, у тэрытарыяльнае аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі.

«Ідзе шмат пытанняў ад нашых грамадзян, якія раней па якіх-небудзь прычынах былі ўключаныя ў спісы невыязных з Беларусі. Потым яны спрабавалі выехаць за мяжу, не праверыўшы, ёсць яны ў гэтым спісе ці не. Іх вярталі з мяжы. Ім было непрыемна. Яны зрывалі свой адпачынак, былі фінансавыя выдаткі», — заявіў Віктар Ігнатовіч, перадае БелаПАН.

Па словах чыноўніка, абмежаванні на выезд у асноўным заснаваныя на маёмасных прэтэнзіях з боку дзяржавы. Яны тычацца не толькі грамадзян Беларусі, але і замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пражываюць на тэрыторыі краіны.

«У гэтым годзе была створана і запушчана база дадзеных, у якую змяшчаюцца таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якім забаронены выезд з Беларусі. Такія выпадкі ўжо былі. Літаральна ў мінулым месяцы ў дачыненні да сямі замежных грамадзян ўжывалася гэтая мера. Яны былі спыненыя памежнікамі і вернуты назад», — паведаміў Віктар Ігнатовіч.

Как вам новость?