МУС плануе скараціць колькасць невыязных у два разы

18.03.2010 13:51
Архив Редакция

У міністэрстве ўнутраных спраў разлічваюць, што хуткім часам колькасць беларускіх грамадзян, якім забаронены выезд за мяжу, паменшыцца ўдвая. Па словах начальніка аддзела па пашпартнай працы і выезду за мяжу дэпартамента па міграцыі МУС Дзмітрыя Леўчанкі, гэта стане магчымым дзякуючы ўступленню ў моц закона пра парадак уезду беларусаў у краіну і іх выезду з Беларусі.

Закон «Пра парадак выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь» набудзе моц 30 сакавіка і ўсталюе больш дэмакратычны парадак уключэння грамадзян у банк дадзеных пра невыязных, у якім цяпер змяшчаецца інфармацыя пра 125 тыс. беларусаў, распавёў прадстаўнік МУС.

У прыватнасці, растлумачыў Дзмітрый Леўчанка, з 30 сакавіка ў дачыненні да кожнага з уключаных цяпер у банк дадзеных аўтаматычна асоб, якія падазраюцца ці абвінавачваюцца ў здзяйсненні крымінальных злачынстваў, асуджаныя, ўхіляюцца ад мерапрыемстваў па закліку ў войска і гэтак далей, будзе прымацца асобнае рашэнне, перадае БелТА.

Таксама застануцца невыязнымі і пасля 30 сакавіка грамадзяне, якія валодаюць інфармацыяй, што змяшчае дзяржтаямніцу, а таксама тыя, хто праходзіць у якасці даўжнікоў па справах пра банкруцтва

Пры гэтым часова выключацца са спісу невыязных будуць грамадзяне, якія накіроўваюцца за мяжу на лячэнне ці пахаванне блізкага сваяка, а таксама ў шэрагу іншых акалічнасцяў.

Пра тое, што чалавек патрапіў у банк дадзеных пра невыязных, органы, якія прымаюць рашэнне пра абмежаванне права на выезд: суды, ваенкаматы і іншыя ведамствы — павінны будуць паведамляць яму не пазней за адзін дзень пасля ўключэння ў спіс.

«Новы закон рэалізуе адзін з асноўных канстытуцыйных прынцыпаў — чалавек не можа быць пазбаўлены правы на выезд, але гэта права можа быць абмежавана», — падкрэсліў Дзмітрый Леўчанка.

Как вам новость?
Головоломки