МУС плануе заахвоціць аўтараў відэа "начной прагулкі" ў метро

03.06.2011 12:42
Архив Редакция

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі плануе вынесці падзяку маладым людзям, што бесперашкодна прабраліся ноччу на станцыю "Маскоўская" мінскага метрапалітэна і выклалі знятае відэа ў інтэрнэт. Намеснік міністра ўнутраных справаў Алег Пякарскі адзначыў, што маладыя людзі праявілі актыўную грамадзянскую пазіцыю, "прадэманстраваўшы наяўнасць элементаў бязладнасці" ў сістэме аховы стратэгічных аб'ектаў.

Алег Пякарскі пакуль не стаў паведамляць аб выніках службовага расследавання, ініцыяванага пасля інцыдэнту. Ён адзначыў, што следчыя вызначаць ступень адказнасці як супрацоўнікаў міліцыі, так і грамадзянскага персаналу метро. Прымаць рашэнне аб магчымым пазбаўленні званняў і пагонаў тых, хто непасрэдна вінаваты ў здарэнні, па словах намесніка міністра, будзе кіраўнік дзяржавы, якому дакладваюць аб ходзе расследавання, перадае БелТА.

Намеснік міністра ўнутраных спраў таксама прызнаў наяўнасць фактаў перавышэння міліцыянтамі службовых паўнамоцтваў. Аднак пачашчэнне выпадкаў з’яўлення ў інтэрнэце адпаведных відэазапісаў Алег Пякарскі звязвае не з пагаршэннем дысцыпліны або правасвядомасці супрацоўнікаў праваахоўных органаў, а з тым, што беларускае грамадства стала больш адкрытым.

Алег Пякарскі запэўніў, што міліцыя прыме дадатковыя намаганні для паляпшэння свайго іміджу ў грамадстве.

«Ёсць вельмі шмат станоўчага ў працы праваахоўных органаў. Бо колькасць злачынстваў зніжаецца. У гэтым годзе няма ні аднаго нераскрытага забойства, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, згвалтаванняў. Значна скараціліся разбоі і рабаванні. Пры гэтым, на жаль, ёсць супрацоўнікі, якія не заўсёды добрасумленна ставяцца да выканання сваіх абавязкаў. Мы над гэтым працуем, і прымаюцца самыя жорсткія меры, нават да звальнення і прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Ні адзін факт не застаецца без увагі», — заявіў Алег Пякарскі.

Як перадаваў Тэлеграф, у ноч на 29 траўня ў Мінску некалькі маладых людзей каля 04:00 праніклі ў метро на станцыю «Маскоўская». Для гэтага не давялося прадпрымаць ніякіх намаганняў — дзверы падземкі былі адчыненыя і яе ніхто не ахоўваў. Скандальнае відэа маладыя людзі выклалі ў сеціва.

Калі відэазапіс разышоўся па інтэрнэце і выклікаў грамадскі рэзананс, генеральны пракурор Беларусі даў даручэнне транспартнаму пракурору неадкладна правесці праверку захавання службовымі асобамі Мінскага метрапалітэна заканадаўства, накіраванага на забеспячэнне бяспекі руху і пасажыраў. Праз тры дні пасля апублікавання відэа генеральны дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» падпісаў загад аб звальненні начальніка Мінскага метрапалітэна Мікалая Андрэева.

Как вам новость?