МУС разглядае ўвядзенне адказнасці для кліентаў прастытутак

28.04.2010 14:01
Архив Редакция

У Беларусі разглядаецца магчымасць увядзення адказнасці для мужчын, якія карыстаюцца паслугамі прастытутак. Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра ўнутраных спраў Алег Пякарскі 27 красавіка, адказваючы на пытанні беларускіх дэпутатаў на сесіі Славянскага парламенцкага саюза.

«Мы разглядаем шведскі варыянт, калі за занятак прастытуцыяй адказвае не толькі жанчына, але і мужчына, які карыстаецца гэтымі паслугамі», — сказаў прадстаўнік МУС, паведамляе БелТА.

Алег Пякарскі падкрэсліў, што «гэтае пытанне будзе старанна прапрацоўвацца, бо нават не ўсе еўрапейскія краіны глядзяць на гэта аднолькава». «Пакуль толькі Швецыя наважылася прыцягваць мужчын да адказнасці за набыццё прадажнага кахання», — распавёў першы намеснік міністра.

Прадстаўнік МУС таксама нагадаў, што нядаўна ў Беларусі было ўведзена альтэрнатыўнае пакаранне за занятак прастытуцыяй. Паводле Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за гэта прадугледжаны не толькі штраф, але і адміністрацыйны арышт.

«Мы былі вымушаны ўжыць адміністрацыйны арышт, каб хоць неяк паўплываць на гэтую катэгорыю, — адзначыў Алег Пякарскі. — Штрафныя санкцыі за занятак прастытуцыяй на «жрыц кахання» асабліва не дзейнічаюць: сумы неаплачаных штрафаў даходзяць да некалькіх сотняў даляраў, бо дзяўчаты не жывуць дома, здымаюць кватэру і спаганяць няма з каго».

Таму, па словах намесніка міністра, высілкі дзяўчат «вырашылі скіраваць хоць бы на ўборку горада, асабліва лесапаласы, куды яны выходзяць на промысел і якая імі прыводзіцца ў жахлівую непрыдатнасць».

Как вам новость?