МУС склала пратаколы на 130 удзельнікаў "маўклівай акцыі"

30.06.2011 17:41
Архив

За ўдзел 29 чэрвеня 2011 года ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у дачыненні да 130 чалавек складзеныя адміністрацыйныя пратаколы. Пра гэта паведамілі 30 чэрвеня ў міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі.

У МУС нагадалі, што 29 чэрвеня з 18:00 да 20:30 на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску прайшла арганізаваная Мінскім гарвыканкамам і Грамадскім аб’яднаннем «БРСМ» маладзёжная акцыя «Беларусь маладая». У агульнай складанасці ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел больш за чатыры тысячы жыхароў і гасцей сталіцы.

«Прыкладна ў гэты ж час (у 19:00) на пл. Кастрычніцкай і прылеглых да яе вуліцах сталі збірацца групы грамадзян па 30-70 чалавек. Пазней яны прайшлі па пр. Незалежнасці ад вул. Энгельса да вул. Я. Купалы, а таксама ад Дома афіцэраў у бок вул. Я. Купалы з далейшым намерам выйсці да пл. Перамогі», — распавялі ў ведамстве.

«У працэсе руху да ўказаных групак прымыкалі іншыя грамадзяне. Людзі, якія сабраліся ніякай атрыбутыкай сябе не пазначалі, аднак гучна выкрыквалі нецэнзурныя выразы на адрас супрацоўнікаў міліцыі. На тлумачальную працу, якая праводзілася, не рэагавалі, заміналі праходу пешаходаў па ходніках, шумелі, прыцягвалі ўвагу мінакоў воплескамі у далоні, штурхалі супрацоўнікаў органаў правапарадку, выходзілі на праезную частку», — адзначылі ў МУС.

«Аналагічныя дзеянні здзяйсняліся і іншымі нешматлікімі групамі асоб у цэнтральнай частцы горада. У выніку найбольш актыўныя парушальнікі правапарадку былі дастаўленыя ў сталічныя РУУС для высвятлення асобы, а астатнія грамадзяне разышліся».

Усяго, па дадзеных міністэрства, у прамежак часу з 19:00 да 20:05 ў Мінску ў несанкцыянаваных мерапрыемствах узялі ўдзел каля 350 чалавек.

У гэты ж дзень спробы збору людзей былі зафіксаваныя і ў іншых гарадах рэспублікі, распавялі ў ведамстве. У выніку ў органы ўнутраных спраў з мэтай высвятлення асобы былі дастаўленыя 269 чалавек. З іх на 130 найбольш актыўных удзельнікаў несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў складзеныя адміністрацыйныя пратаколы па арт. арт. 17.1 (дробнае хуліганства), 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў) і 23.24 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання) Кодэксу Рэспублікі Беларусь «Аб адміністрацыйных правапарушэннях» з наступным накіраваннем у суд, паведамілі ў МУС Беларусі.