Мусіенка: Расія рыхтуе Беларусі недружалюбны акт

05.04.2010 12:13
Архив Редакция

Кіраўнік аналітычнага цэнтра ЕСООМ Сяргей Мусіенка лічыць, што Расія свядома расхіствае асновы Мытнага саюза, захоўваючы і нават узмацняючы мытны кантроль на мяжы з Беларуссю. Па меркаванні эксперта, "Расія наогул збіраецца ажыццявіць недружалюбны акт па скасаванні дамовы пра стварэнне Мытнага саюза".

Па словах Сяргея Мусіенкі, захаванне і ўзмацненне мытнага кантролю на мяжы з Беларуссю стварае ўражанне таго, што расійскі бок «і не збіраўся яго здымаць, беручы ўдзел у стварэнні Мытнага саюза».

Эксперт мяркуе, што расійскі бок выкарыстоўвае мытны кантроль як сродак ціску на партнёраў па Мытным саюзе, у прыватнасці Беларусь, для прапіхвання сваёй пазіцыі, паведамляе БелТА.

«Гэта ўжо не першы раз. Варта ўспомніць дзікую сітуацыю па малаку: нейкія даведкі там трэба было памяняць, атрымаць паперкі. А потым гэтыя паперкі сталі непатрэбнымі таму, што іх наогул адмянілі праз паўгода. Гэта звёны аднаго ланцуга. Тая ж сітуацыя была з цукрам. Цяпер цягнецца са студзеня незразумелая сітуацыя па нафце, пошлінах на нафтапрадукты. Гэта абсалютна нелагічныя рэчы», — упэўнены Сяргей Мусіенка.

Аналітык падкрэсліў, што ў рамках адзінай эканамічнай прасторы, мытнага саюза ў свеце па істотных пазіцыях нідзе не існуюць пошліны. «Неабгрунтаванае захаванне пошлін на нафту і нафтапрадукты значна пагаршае пазіцыі беларускіх прадпрыемстваў ва ўсіх кірунках», — дадаў эксперт.

Эканаміст таксама адзначыў, што з беларускага боку мытныя пасты адсутнічаюць ужо шматлікія гады, разам з тым як з расійскага боку яны не толькі захоўваюцца, але нават узмацняюцца.

Как вам новость?
Головоломки