МВФ: Беларусь атрымае яшчэ 700 млн. даляраў на гэтым тыдні

29.03.2010 12:27
Архив Редакция

Сталая прадстаўніца Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі Наталля Калядзіна паведаміла, што МВФ пералічыць апошні транш крэдыту па праграме stand-by у памеры 700 млн. даляраў на гэтым тыдні. Станоўчае рашэнне па выніках чацвёртага агляду выканання праграмы Фонд прыняў у канцы мінулага тыдня.

«Дырэктары адзначалі, што ўсе меры, прадугледжаныя праграмай для забеспячэння макраэканамічнай стабільнасці ў Беларусі, былі выкананы», — распавяла прадстаўніца МВФ, перадае БелТА.

Па словах Наталлі Калядзінай, у сваім аглядзе эксперты МВФ праінфармавалі кіраўніцтва Фонду пра тое, што беларускія ўлады «сталі больш гнутка выкарыстоўваць валютны рэжым, і хуткім часам у гэтай частцы не мяркуецца ніякіх «моцных» мер, напрыклад дэвальвацыі». «Меры ўрада цалкам адэкватныя», — лічыць прадстаўніца МВФ.

МВФ разлічвае на далейшыя пераўтварэнні ў фінансавым сектары эканомікі Беларусі

Як распавяла Наталля Калядзіна, МВФ здаволены праведзенымі ўладамі Беларусі карэктоўкамі ў фіскальным сектары і правадзімай грашова-крэдытнай палітыкай, якая дазволіла мінімізаваць наступствы «нафтавага шоку», аднак выявіў заклапочанасць сітуацыяй з дэфіцытам рахунку бягучых аперацый.

«Мы разлічваем, што ўлады Беларусі будуць працягваць пераўтварэнні. Падчас працы місіі запланаваны пачатак перамоў пра будучую праграму Беларусі і МВФ. У цэнтры ўвагі будуць структурныя пераўтварэнні. Відавочна, што на гэта спатрэбіцца некалькі місій», — заявіла прадстаўніца МВФ  у Беларусі і паведаміла, што чарговая місія Фонду пачне працу ў маі.

Першы транш крэдыту МВФ у памеры 800 млн. даляраў Беларусь атрымала ў студзені 2009 года. Другі транш паступіў у ліпені — каля 680 млн. даляраў. У кастрычніку 2009 года Беларусь атрымала чарговы транш крэдыту Міжнароднага валютнага фонду ў памеры 699,5 млн. даляраў. Чацвёрты транш крэдыту МВФ у памеры больш за 688 млн. даляраў паступіў у снежні мінулага года. Такім чынам, агульны аб’ём прадстаўленага МВФ крэдыту склаў каля 2,87 млрд. даляраў пры агульнай суме вылучаемых сродкаў у памеры каля 3,52 млрд. даляраў.

Как вам новость?
Головоломки