МВФ: Беларусь па-ранейшаму плацежаздольная

16.11.2010 13:11
Архив Редакция

Міжнародны валютны фонд лічыць Беларусь плацежаздольнай краінай. Пра гэта 16 лістапада заявіў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Крыс Джарвіс. Па яго словах, узровень знешняга доўгу Беларусі па-ранейшаму застаецца нізкім у параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі з рынкам у працэсе фармавання. Крыс Джарвіс таксама адзначыў, што спроба беларускіх уладаў атрымаць пазыкі на знешніх рынках, апраўданая.

Выпуск еўрааблігацый кіраўнік місіі МВФ лічыць адным з галоўных поспехаў Беларусі, дасягнутых у гэтым годзе. Разам з тым, па словах міжнароднага эксперта, «важна, каб такая палітыка была трывалай, каб не спадзявацца на знешнія пазыкі бясконца».

Крыс Джарвіс лічыць, што сёння першачарговай задачай для Беларусі з’яўляецца скарачэнне дэфіцыту рахунку бягучых аперацый, для чаго краіне патрэбен добры план. Па словах кіраўніка місіі МВФ, такія планы ўлады Беларусі склалі ў рамках праекту праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступныя пяць гадоў, перадае БелТА.

«Плануецца цалкам ліквідаваць дэфіцыт рахунку бягучых аперацый, і, на нашу думку, гэты план больш амбітны, чым насамрэч неабходны беларускай эканоміцы», — адзначыў Крыс Джарвіс. Для дасягнення гэтай мэты, па словах эксперта, таксама неабходны выразны план. У гэтым плане ў МВФ ёсць некаторыя сумневы, заявіў міжнародны эксперт.

Как вам новость?
Головоломки