МВФ: попыт на беларускія еўрабонды дастаткова вялікі

29.07.2010 09:32
Архив Редакция

Попыт інвестараў на беларускія суверэнныя еўрабонды аказаўся досыць вялікі. Пра гэта паведаміла пастаянная прадстаўніца МВФ у Беларусі Наталля Калядзіна. «Праўда, і даходнасць аказалася дастаткова высокай. Зрэшты, гэта адпавядае рэйтынгу, нададзенаму Беларусі міжнародным рэйтынгавым агенцтвам Standard & Poor's, і натуральна для першага выпуску», — заявіла Наталля Калядзіна.

Па яе словах, калі б Беларусь ужо мела гісторыю размяшчэння, то актыўнасць інвестараў была б яшчэ большай, перадае TTT.BY.

Прадстаўнік МВФ таксама нагадала, што Standard & Poor’s надала беларускім еўрабондам рэйтынг «В+». «Гэта гаворыць аб тым, што ў дадзены момант краіна можа забяспечыць даходнасць па еўрабондах, аднак рызыкі, звязаныя з фінансавымі і эканамічнымі ўмовамі, таксама вялікія. У сувязі з гэтым меры, накіраваныя на зніжэнне дэфіцыту аплатнага балансу, падтрыманне фіскальнай дысцыпліны, закладзенай у Законе аб бюджэце на 2010 год, а таксама паслядоўнае рэфармаванне эканомікі з мэтай павышэння яе канкурэнтаздольнасці дазволяць павысіць міжнародны рэйтынг Беларусі і з часам прывядуць да зніжэння выдаткаў пры пазычанні на знешніх рынках», — заявіла Наталля Калядзіна.

Па яе словах, выпуск еўрабондаў «дазволіць закрыць частку разрыву фінансавання аплатнага балансу, хоць для таго каб цалкам яго прафінансаваць, спатрэбяцца дадатковыя меры». Яна таксама заявіла, што ў сувязі з гэтым місія МВФ прааналізуе па выніках дзевяці месяцаў развіццё эканомікі і, у прыватнасці, стан аплатнага балансу, дзяржаўнага бюджэту і валютнага курсу. Справаздача аб стане беларускай эканомікі з’явіцца прыкладна ў сярэдзіне кастрычніка, паведаміла Наталля Калядзіна.

У сувязі з гэтым, заявіла яна, новую місію МВФ (папярэдняя завяршыла сваю працу 25 траўня — Тэлеграф) варта чакаць ў Беларусі ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада. «Пры адсутнасці праграмы місіі МВФ прыязджаюць не так часта, як падчас праграмы», — патлумачыла Наталля Калядзіна.

Наталля Калядзіна не стала каментаваць заявы некаторых экспертаў пра тое, што новая праграма МВФ будзе залежаць ад размяшчэння беларускіх суверэнных еўрабондаў і правядзення ў краіне глыбокіх рэформаў эканомікі. Аднак яна пацвердзіла, што працэнтныя стаўкі па пазыках у МВФ «значна ніжэйшыя», чым па еўрабондах. «Мы ўжо абмяркоўваем з уладамі пытанні структурных пераўтварэнняў», — заявіла Наталля Калядзіна.

Як раней паведамляў Тэлеграф, Беларусь выпусціла еўрааблігацыі коштам 600 млн. даляраў пад 9% тэрмінам на пяць гадоў. У якасці сумесных арганізатараў па размяшчэнні еўрабондаў выступілі чатыры замежныя банкі: BNP Paribas, Deutsche Bank AG, The Royal Bank of Scotland plc і ААТ «Сбербанк России».

Как вам новость?
Головоломки