МВФ прапаноўвае ўладам Беларусі дэвальваваць рубель

22.02.2011 14:09
Архив Редакция

Эксперты Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) лічаць, што дэфіцыт рахунку бягучых аперацый, які склаўся ў беларускай эканоміцы, патрабуе неадкладнага ўзмацнення жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі. Пра гэта заявіла пастаянная прадстаўніца МВФ у Беларусі Наталля Калядзіна. Паводле яе слоў, уладам неабходна запаволіць рост крэдытавання ў краіне, каб паменшыць попыт на замежную валюту.

Наталля Калядзіна адзначыла, што ў 2010 годзе грашова-крэдытная і падаткова-бюджэтная палітыка ў Беларусі істотна аслабла. Разам з тым значнае павышэнне рэальных заробкаў прывяло да павелічэння дэфіцыту рахунку па бягучых аперацыях. У выніку сфармаваўся значны разрыў фінансавання па аплатным балансе, а попыт на замежную валюту перавышаў і працягвае перавышаць яе прапанову, перадае ПРАЙМ-ТАСС.

«У мінулым годзе ўлады вырашалі гэтую праблему шляхам замежных пазык і пэўных паступленняў ад прыватызацыі. У гэтым годзе ўлады плануюць скараціць дэфіцыт па міжнародным гандлі, але мяркуюцца і паступленне даходаў ад прыватызацыі, а таксама пазыкі», — патлумачыла Наталля Калядзіна.

Эксперты МВФ лічаць, што для скарачэння дэфіцыту гандлю неабходна будзе адкарэктаваць палітыку краіны на макраэканамічным узроўні.

«Новыя замежныя пазыкі павінны садзейнічаць павелічэнню золатавалютных рэзерваў, што магчыма, толькі калі гандлёвы дэфіцыт пачне скарачацца. Гэта можа быць дасягнута толькі пасродкам узмацнення жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі і больш гнуткай курсавой палітыкі. Акрамя таго, замежнае фінансаванне небязмежнае і залежыць ад сітуацыі на міжнародных фінансавых рынках, якія цяпер хутка мяняюцца», — заявіла Наталля Калядзіна.

Пастаянная прадстаўніца МВФ у Беларусі таксама адзначыла, што ўстаноўлены Нацбанкам краіны на 2011 год калідор ваганняў беларускага рубля да кошыка валют (+/- 8%) дае магчымасць праводзіць досыць гнуткую палітыку курсаўтварэння.

У той жа час Наталля Калядзіна падкрэсліла, што паралельна з увядзеннем больш жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі беларускія ўлады павінны таксама прымаць меры па ўзмацненні падаткова-бюджэтнай палітыкі. На думку эксперта, гэта акажа станоўчы ўплыў на развіццё эканомікі краіны ў больш доўгатэрміновай перспектыве і вызваліць пэўныя рэсурсы для развіцця прыватнага сектара.

Раней, як перадаваў Тэлеграф, эксперты банка Raiffeisen ў сваёй аналітычнай запісцы адзначалі, што беларускім уладам для вырашэння праблемы адмоўнага сальда знешняга гандлю і захавання золатавалютных рэзерваў краіны неабходна будзе звярнуцца да дэвальвацыі беларускага рубля і пайсці на прыватызацыю.

Как вам новость?
Головоломки