МВФ: расійскія нафтапошліны сталі шокам для эканомікі Беларусі

22.09.2010 11:27
Архив Редакция

Увядзенне Расіяй экспартнай пошліны на нафту для Беларусі сталася шокам для эканомікі краіны, якую яшчэ чакаюць значныя рэформы. Пра гэта заявіла пастаянная прадстаўніца Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі Наталля Калядзіна. Па яе словах, гэты шок быў ацэнены ў два мільярды даляраў у гэтым годзе, у той час як дэфіцыт рахунку па бягучых аперацыях у мінулым годзе склаў 13% ВУП.

«Павышэнне коштаў на нафту прывяло да істотнага зніжэння рэнтабельнасці нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў. У сувязі з гэтым, экспарт нафтапрадуктаў значна скараціўся. Улады, аднак, прынялі меры, у тым ліку ў падаткова-бюджэтнай вобласці з тым, каб паменшыць уплыў шоку на эканоміку Рэспублікі Беларусь», — сказала Наталля Калядзіна, перадае РИА «Новости».

Расія ўвяла пошліну на тую частку імпартаванай нафты, якую Беларусь перапрацоўвала і перапрадавала ў Еўропу. Субсідыя на пастаўкі ў памеры 6,3 млн. тон для ўнутраных патрэб пакуль застаецца, адзначыла прадстаўніца МВФ. У выніку Беларусь у першым паўгоддзі скараціла на 49,8% у гадавым выражэнні імпарту нафты з Расіі, экспарт нафтапрадуктаў скараціўся на 40%, а аб’ём прадукцыі нафтаперапрацоўчай прамысловасці Беларусі ўпаў на 30%, канстатавала эксперт.

Акрамя таго, Наталля Калядзіна лічыць, што дыверсіфікаванне беларускай эканомікі неабходнае, але, Расія і ЕС застануцца буйнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі. «Хаця ў Еўропу ў асноўным экспартаваліся прадукты нафтаперапрацоўкі. Што тычыцца субсідыяў, то адмова ад іх непазбежная. Беларуская эканоміка павінна стаць менш залежнай, і Расія сама прыйдзе да таго, каб цалкам ліквідаваць субсідыі», — лічыць пастаянная прадстаўніца МВФ у Беларусі.

«Адаптацыя беларускай эканомікі да працы без расійскіх субсідый — пытанне толькі часу. Мінск, верагодна, вымушаны будзе пайсці на непапулярныя меры, у тым ліку такія, як скарачэнне субсідыяў ЖКГ, што ўжо было абяцана МВФ», — сказала Наталля Калядзіна.

МВФ: беларуская эканамічная мадэль губляе канкурэнцыю нават на постсавецкай прасторы

Акрамя гэтага Наталля Калядзіна адзначыла, што існая ў Беларусі эканамічная мадэль, якая жыве па спушчаных зверху гадавых і пяцігадовых планах, губляе канкурэнцыю нават на постсавецкай прасторы. У Беларусі прадпрыемствам незалежна ад формаў уласнасці ўстанаўліваюцца мэтавыя паказчыкі па выпуску прадукцыі, занятасці і заробку, росту валавага ўнутранага прадукту, крэдытаванні эканомікі і масе іншых паказчыкаў, канстатавала эксперт.

«У той час як у рынкавай эканоміцы мэтай прадпрыемства з’яўляецца максімізацыя прыбытку, беларускія прадпрыемствы павінны забяспечыць выкананне абавязковых колькасных паказчыкаў — задача, якая часта несумяшчальная з мэтай максімізацыі прыбытку», — сказала Наталля Калядзіна.

Таксама, па словах прадстаўніка МВФ, да цяперашняга моманту прыток інвестыцый у беларускую эканоміку — меншы, чым у краіны з эканомікай, якая фармуецца. «Гэта, відавочна, тлумачыцца шэрагам фактараў, у тым ліку, і значным ўмяшальніцтвам дзяржавы ў эканоміку і недастаткова прадказальным бізнэс-кліматам», — лічыць пастаянная прадстаўніца МВФ у Беларусі.

Па ацэнцы МВФ, у пачатку гэтага дзесяцігоддзя прадукцыйнасць працы расла досыць значнымі тэмпамі, апярэджваючы тэмпы росту заробку. Аднак у другой палове сітуацыя змянілася і зарплата расла хутчэй, чым прадукцыйнасць працы, падрываючы канкурэнтаздольнасць прадпрыемстваў на знешніх рынках, адзначыла Наталля Калядзіна.

«У апошні час рост заработнай платы апярэджваў рост прадукцыйнасці працы. Пэўна, пераломным быў 2007 год, калі беларускай эканоміцы трэба было адаптавацца да павелічэння экспартных тарыфаў на энерганосьбіты і нафтапрадукты, але дзяржаўнае ўмяшанне заставалася вельмі значным. Цяпер тэмпы росту ажыццяўляюцца праз устанаўленне мэтавых паказчыкаў. Узнікае пытанне, наколькі эфектыўная такая эканоміка», — канстатавала эксперт МВФ.

Как вам новость?
Головоломки