МВФ рэзка раскрытыкаваў павышэнне заробкаў у Беларусі

28.09.2010 13:38
Архив Редакция

Міжнародны валютны фонд рэзка раскрытыкаваў рашэнне беларускіх уладаў аб павышэнні заработнай платы бюджэтнікам і мінімальнай зарплаты. «Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў рост заробкаў пагражае павелічэннем дэфіцыту гандлёвага балансу, можа выклікаць інфляцыю і супярэчыць дамоўленасцям з Міжнародным валютным фондам», — адзначыла кіраўніца прадстаўніцтва МВФ у Мінску Наталля Калядзіна.

Цяперашняе павышэнне з’яўляецца самым значным за апошнія гады і, як раней ацэньвалі ўлады, запатрабуе дадаткова каля сямі трыльёнаў беларускіх рублёў і павелічэння дэфіцыту бюджэту да 3,0% з 1,5%, перадае Reuters.

МВФ не бачыць эканамічных падстаў для такога значнага росту заработнай платы. «Рост заробкаў павінен адпавядаць росту прадукцыйнасці працы… Мне не зразумела, чым тлумачыцца такое істотнае павышэнне», — заявіла Наталля Калядзіна.

«Гэта (павышэнне заробкаў) прывядзе да росту ўнутранага попыту і росту попыту на імпартныя тавары і паслугі… Гэта азначае пашырэнне дэфіцыту бюджэту і змяненне структуры выдаткаў бюджэту… Ураду трэба будзе генераваць прыбыткі, каб фінансаваць дадатковыя выдаткі, а гэта запаволіць зніжэнне падатковай нагрузкі», — сказала прадстаўніца МВФ.

Дэфіцыт гандлёвага балансу Беларусі за студзень-ліпень склаў 4,2 млрд. даляраў, скараціўшыся на 90 млн. даляраў у параўнанні з 2009 годам.

Беларусь, якая акрамя крэдыту МВФ атрымала буйныя пазыкі ад Сусветнага банка, урада Расіі і размясціла еўрабонды на мільярд даляраў, за апошнія два гады павялічыла свой знешні доўг больш чым у два разы да 8,5 млрд. даляраў.

Наступная місія МВФ наведае Беларусь у лістападзе.

Как вам новость?
Головоломки