МВФ: у Беларусі ёсць сур'ёзныя эканамічныя праблемы

07.04.2011 11:47
Архив Редакция

Эксперты Міжнароднага валютнага фонду канстатуюць, што ў Беларусі няма сістэмнага эканамічнага крызісу, аднак ёсць "сур'ёзныя эканамічныя праблемы". Пра гэта 6 красавіка ў ходзе відэаканферэнцыі паведаміў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Крыс Джарвіс. Ён заявіў, што эксперты МВФ гатовы прадставіць сваю дапамогу беларускім уладам у вырашэнні гэтых праблемаў.

Крыс Джарвіс паведаміў, што эксперты МВФ пачынаюць праводзіць постпраграмны маніторынг сітуацыі ў Беларусі. Ён растлумачыў, што падобны маніторынг праводзіцца ў тых краінах, якія атрымлівалі буйныя крэдыты ад МВФ.

Прапанову правесці постпраграмны маніторынг ўлады Беларусі ўспрынялі станоўча, паведаміў Крыс Джарвіс. Гэта дазволіць экспертам МВФ праводзіць кансультацыі з беларускім бокам у два разы часцей, чым раней — раз на паўгады. Адпаведна, найбліжэйшая місія МВФ наведае Беларусь ужо гэтай вясной, а ўлетку аб выніках візіту будзе дакладзена выканаўчай радзе дырэктараў МВФ, перадае БелаПАН.

Крыс Джарвіс паведаміў, што для таго, каб Беларусі атрымаць фінансаванне з боку МВФ, ёй неабходна падаць «вартую даверу праграму мер эканамічнай палітыкі». Кіраўнік місіі таксама паведаміў, што ўлады краіны пакуль не звярталіся па новае фінансаванне ў МВФ, але ў любым выпадку фонд гатовы даць Беларусі свае рэкамендацыі.

МВФ заклікае Беларусь «уніфікаваць» курс рубля

Прадстаўнік МВФ таксама выказаў заклапочанасць з нагоды сітуацыі на беларускім валютным рынку, у прыватнасці множнасцю курсу беларускага рубля. Яны заклікаюць афіцыйны Мінск «уніфікаваць курс нацыянальнай валюты».

«Прычыны сённяшніх праблемаў на валютным рынку Беларусі заключаюцца ў той «мяккай» эканамічнай палітыцы, якую праводзілі беларускія ўлады на працягу апошняга года», — заявіў кіраўнік місіі МВФ. Паводле яго слоў, у 2010 годзе ўлады краіны спачатку нарошчвалі высокімі тэмпамі крэдытаванне эканомікі, а затым значна павысілі заробкі, вынікам чаго стала нізкая канкурэнтаздольнасць краіны і высокі дэфіцыт рахунку бягучых аперацый. Сур’ёзную занепакоенасць МВФ выклікае таксама і сітуацыя з укладамі, у прыватнасці, «ператок рублёвых дэпазітаў у валютныя».

Эксперты МВФ рэкамендуюць беларускім уладам паменшыць бюджэтныя выдаткі, павысіць стаўкі па крэдытах і скараціць крэдытаванне па лініі дзяржаўных праграм.

МВФ: дзеянні Нацбанка недастатковыя

У той жа час кіраўнік місіі МВФ пазітыўна ацаніў рашэнне Нацбанка Беларусі дазволіць банкам гандляваць замежнай валютай з юрыдычнымі асобамі па курсе, які адрозніваецца ад афіцыйнага. Па словах Крыса Джарвіса, такая палітыка «дазваляе атрымаць інфармацыю» аб справядлівым курсе беларускага рубля. Аднак у МВФ лічаць недастатковым усталяваны Нацбанкам калідор вагання курсу рубля (10%). Такі калідор, па словах Крыса Джарвіса, не дазваляе забяспечыць свабодныя таргі на валютным рынку, таму ўладам краіны рэкамендавана «прытрымлівацца гнуткасці абменнага курсу».

Кіраўнік місіі МВФ таксама адзначыў намаганні Нацбанка па захаванні валютных рэзерваў краіны. «Мы бачым, што яны разумеюць сур’ёзнасць сітуацыі і важнасць больш хуткага аднаўлення працы валютнага рынку», — адзначыў Крыс Джарвіс. Па яго словах, Нацбанк сёння цалкам плацежаздольны, «паколькі здолеў прадухіліць істотнае скарачэнне рэзерваў».

Как вам новость?
Головоломки