Міхалевіч: дзяржслужбоўцы павінны ведаць беларускую як расійскую

01.12.2010 15:24
Архив Редакция

Кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, які з'яўляецца кіраўніком саюза «За мадэрнізацыю», 1 снежня ў сваім выступе на радыё закрануў пытанні культуры, звярнуўшыся да слухачоў на беларускай мове. Палітык паабяцаў, што ў выпадку яго абрання прэзідэнтам краіны абавязковай умовай прыёму на дзяржслужбу стане свабоднае валоданне беларускай і расійскай мовамі.

Таксама ў сваім выступе кандыдат у прэзідэнты распавёў пра наяўную ў Беларусі моўную сітуацыю, дзе расійская мова фактычна дамінуе пры афіцыйным двухмоўі, а таксама аб стане беларускага мастацтва. Кандыдат таксама адзначыў, што творы мастацтва павінны быць адным са складнікаў агульнага брэнда «Беларусь».

«Адна з надзённых задач, якая стаіць перад краінай, — гэта папулярызацыя таго, што ідзе пад маркай made in Belarus. Аднак, спрабуючы вырашыць гэтую задачу, мы, як правіла, забываем аб тым, што, акрамя прамысловай прадукцыі, ёсць яшчэ і прадукцыя эстэтычная. Я не кажу, што з дапамогай мастацтва мы можам зарабляць вялікія грошы (хаця некаторым краінам гэта ўдаецца). Тут разлік іншы. Творы мастацтва павінны быць адным са складнікаў агульнага брэнда «Беларусь», — упэўнены Алесь Міхалевіч.

Кандыдат у прэзідэнты лічыць неабходным прасоўваць на сусветны ўзровень вынікі працы беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, кінематаграфістаў і музыкантаў.

«Нашаму міністэрству культуры ўжо даўно трэба было заняцца экспартам беларускага мастацтва. Але гэта не проста вываз на агледзіны за мяжу нейкага калектыву, а карпатлівая праца па пошуку тых аўтараў і тых твораў, якія будуць запатрабаваныя на сусветным «мастацкім рынку», калі можна так сказаць. А для гэтага трэба стварыць канкурэнтнае асяроддзе ўнутры краіны. І чыноўнік ад культуры больш не павінен быць цэнзарам; ён павінен стаць мэнэджарам, у абавязак якога ўваходзіць promotion (раскрутка — Тэлеграф) беларускага эстэтычнага прадукту за межамі Беларусі», — падсумаваў Алесь Міхалевіч.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, раней кандыдат у прэзідэнты ў асноўным звяртаў увагу выбаршчыкаў на эканамічныя праблемы, неабходнасць палітычных рэформаў у краіне і сацыяльныя пытанні. У сваім першым выступе па радыё ад 24 лістапада Алесь Міхалевіч таксама гаварыў па-беларуску.

Как вам новость?
Головоломки