Міхалевіч: я буду адным з ключавых удзельнікаў суда над Лукашэнкам

05.05.2011 17:34
Архив Редакция

Экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч мае намер паехаць у Лондан, каб дапамагчы міжнародным экспертам ў расследаванні дзеянняў, звязаных з падзеямі пасля падаўлення масавых дэманстрацый 19 снежня ў Мінску. Ён лічыць, што можа стаць "адной з ключавых асобаў, якія будуць удзельнічаць у працэсе Аляксандра Лукашэнкі".

Пра гэта фігурант «справы 19 снежня», якому далі палітычны прытулак у Чэхіі, заявіў 5 траўня ў Вільні падчас сустрэчы з беларускімі журналістамі, паведамляе «Еўрапейскае радыё ў Беларусі».

Міхалевіч напісаў Лукашэнку «ўзяць яго справу пад асабісты кантроль»

Алесь Міхалевіч таксама паведаміў, што беларускія ўлады абвясцілі яго ў міжнародны вышук.

«У КДБ вельмі цікавіліся, адкуль у мяне з’явіліся грошы на перадвыбарную кампанію. Тое, што гэтых грошай не было, ведалі ўсе акрамя іх. Улады не хацелі, каб я з’язджаў. Да мяне Лукашэнка не меў пытанняў. Я напісаў яму ліст, і ў гэтым лісце не было нічога асаблівага. Я проста прасіў, каб ён «узяў маю справу пад асабісты кантроль». Пасля гэтага, як мне сказалі, Лукашэнка казаў, што ў яго да мяне пытанняў не было… Калі б улады хацелі, каб я з’ехаў, то не аб’яўлялі б мяне ў вышук», — мяркуе палітык.

З часу свайго выезду з Беларусі ён яшчэ не бачыўся з сям’ёй. Экс-кандыдат у прэзідэнты ўдакладніў, што міністэрства замежных спраў забараніла яго жонцы Мілане пакідаць межы краіны. Як заявілі ў ведамстве, жанчына не значыцца ў «спісах невыязных», аднак можа там апынуцца ў любы момант. Алесь і Мілана Міхалевіч спрабуюць знайсці выхад з гэтакай сітуацыі.

Міхалевіч: я адмовіўся зачытаць «асуджэнне» іншых кандыдатаў

«Да 19 снежня ў грамадстве была вялікая група, якая расчаравалася і ва ўладзе, і ў апазіцыі. А потым грамадства падзялілася на дзве групы, а тых, хто не вызначыўся, іх амаль не засталося. Улада ўспрыняла маю мяккую пазіцыю як праяву слабасці. Таму я апынуўся адным з тых кандыдатаў, каго арыштавалі. Мне адным з намеснікаў КДБ было прапанавана ва ўльтыматыўнай форме зачытаць тэкст з асуджэннем іншых кандыдатаў, і яны вельмі былі здзіўленыя, што я адмовіўся», — распавёў палітык.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, вядучая юрыдычная фірма Вялікабрытаніі H2O Law збіраецца падаць іск супраць Аляксандра Лукашэнкі, паколькі мае доказы аб сістэматычных катаваннях у турмах беларускага КДБ. Алесь Міхалевіч раней заяўляў, што гатовы стаць сведкам на судзе супраць кіраўніка Беларусі.

Как вам новость?