Міхалевіч: самыя моцныя санкцыі для Беларусі ўвёў Лукашэнка

07.06.2011 10:04
Архив

Уцякач з Беларусі экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч паведаміў, што больш чым праз тры месяцы пасля выхаду з турмы ён змог аднавіцца і "пераварыць сітуацыю". Па словах палітыка, ён адкінуў усе крыўды і напружанасць, вярнуўся да мыслення, у якім няма месца помсце. Акрамя таго, кажучы аб эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, Алесь Міхалевіч адзначыў, што самыя моцныя санкцыі для краіны ужыў сам Аляксандр Лукашэнка.

«Шмат разоў улады выкарысталі пытанне эканамічных санкцый супраць тых, хто выступае за іх ўвядзенне. Але цяпер самыя моцныя санкцыі супраць беларусаў ужыў сам Лукашэнка», — цытуюць экс-кандыдата «Беларускія навіны».

«Два месяцы ў турме — гэта сур’ёзны стрэс, які не можа прайсці бясследна. Нягледзячы на тое, што я не зламаўся, адчувалася, што мае зыходныя каштоўнасці былі часова падменены пачуццямі і імкненнямі, якія ўзнікаюць пры такіх абставінах», — распавёў Алесь Міхалевіч.

Пры гэтым, па словах палітыка, ён не стаў «агентам улады, але я таксама не стаў радыкалам ці палітычным тэрарыстам». «Відаць, што беларускія ўлады імкнуцца адціснуць непажаданых разумных людзей у бок «скрайнасці», каб потым у гэтым іх абвінаваціць. Часам здаецца, што ўлады хочуць, каб мы перайшлі на радыкальныя метады, каб з намі разабрацца тымі гвалтоўнымі метадамі, якія яны добра ведаюць», — заявіў Алесь Міхалевіч.

Кажучы аб эканамічных санкцыях у дачыненні да Беларусі, Алесь Міхалевіч таксама сказаў: «Ручное кіраванне эканомікай не магло не ўдарыць па насельніцтве. Можна перакласці віну на аўтааматараў, прадпрымальнікаў, несвядомых запаслівых беларусаў. Але як бы хто ні прасіў людзей не скупляць цукар па 3600, яны будуць гэта рабіць, таму што назаўтра ён будзе каштаваць 5000, а ў найбліжэйшай будучыні — і больш. Дурняў няма».

«Нашы людзі, асабліва пенсійнага ўзросту, навучыліся жыць у такіх умовах, калі іх ашуквала савецкая ўлада і ўлада ў «ліхія 90-е». Таму яны амаль інстыктыўна ператвараюць ў тавар тое, што атрымалі як зарплату ці пенсію, бо валюты, каб зберагчы свае грошы, няма, а давер да беларускага рубля адновіцца цяпер толькі праз гады», — лічыць былы кандыдат у прэзідэнты.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, Чэхія прадставіла Алесю Міхалевічу палітычны прытулак у сувязі з крымінальным пераследам яго па справе аб масавых беспарадках у Мінску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Тым часам беларускія ўлады абвясцілі палітыка ў міжнародны вышук — ён павінен быў з’явіцца ў пракуратуру ў сувязі з запытам Інтэрпола.