Міхалевіч выбраў стратэгію эвалюцыйнай мадэрнізацыі

30.11.2010 17:09
Архив Редакция

У аснове перадвыбарнай праграмы лідара саюза "За мадэрнізацыю", кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча ляжаць эканамічны рост, эфектыўнае дзяржава і актыўнае грамадства. Кандыдат у прэзідэнты лічыць, што існая ў краіне эканамічная мадэль ужо не адпавядае патрэбам сучаснай Беларусі. Менавіта па гэтай прычыне кандыдат прапаноўвае замяніць яе на "праграму эвалюцыйнай мадэрнізацыі".

У эканамічнай сферы кандыдат у прэзідэнты выступае за рэфармаванне заканадаўства з мэтай прыцягнення замежных інвестараў, павышэння ўзроўню эканамічных свабодаў і больш эфектыўнай падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу.

«Падмуркам развітай і багатай краіны заўсёды было і будзе канкурэнта-здольная гаспадарка. Аднак цяпер мы становімся сведкамі таго, што эканоміка Беларусі не спраўляецца з сусветнымі і рэгіянальнымі змяненнямі, а шматлікая бюракратыя, недасканалыя законы, заблытаная сістэма падаткаў і цэнтралізаваная ўлада тармозяць наша развіццё», — перакананы кандыдат у прэзідэнты.

Алесь Міхалевіч лічыць неабходным аддзяліць бізнэс ад уладных структураў і спецслужбаў, аптымізаваць працэдуры адкрыцця і закрыцця бізнэсу, ліцэнзавання, сертыфікацыі і фінансавай справаздачнасці, развіваць незалежныя камерцыйныя банкі, далучаць як мага больш грамадзянаў да працэсу акцыянавання беларускай эканомікі, а таксама правесці амністыю прадпрымальнікаў, перадае «Рэспубліка».

Міхалевіч прапануе стварыць нафтагазавы кансорцыум

Кандыдат у прэзідэнты таксама абяцае ў выпадку прыходу да ўлады правесці зямельную рэформу і аказваць дзяржаўную падтрымку фермерскім гаспадаркам, мадэрнізаваць горадаўтваральныя прадпрыемствы і дыверсіфікаваць пастаўшчыкоў электраэнергіі і прыродных рэсурсаў. Больш за тое, Алесь Міхалевіч выступае за стварэнне нафтагазавага Кансорцыуму ў складзе Беларусі, Еўрапейскага саюза, Расіі і Украіны, які будзе займацца пытаннямі транзіту энерганосьбітаў у Еўропу.

«Дзяржава — гэта механізм, які павінен спраўна выконваць задачы, для якіх ён быў створаны, не абмяжоўваючы без патрэбы свабоды сваіх грамадзянаў. Прычым забеспячэнне гаспадарчага і тэхналагічнага лідарства ў нашым рэгіёне заключаецца не столькі ў вынаходніцтве рэформаў, колькі ў якасці дзяржаўных інстытутаў, якія будуць уводзіць гэтыя рэформы ў жыццё», — перакананы Алесь Міхалевіч.

У сувязі з гэтым палітык абяцае ўзмацніць ролю парламенту і Канстытуцыйнага суда, забяспечыць падпарадкаванне Генеральнай пракуратуры Нацыянальнаму сходу, увесці прынцып выбарнасці суддзяў, абранне кіраўнікоў мясцовай адміністрацыі і скасаванне ўсіх упраўленняў і аддзелаў па ідэалогіі і паступовую прыватызацыю дзяржаўных СМІ.

Міхалевіч выступае за ўступленне Беларусі ў СГА ў 2012 годзе

Алесь Міхалевіч таксама выступае за ваенны нейтралітэт Беларусі, актывізацыю дыпламатычных адносінаў з іншымі краінамі, сяброўскія адносіны з Расіяй і краінамі СНД, стратэгічнае партнёрства з Еўрапейскім саюзам і Украінай, а таксама ўключэнне Беларусі ў міжнародную гандлёва-эканамічную сістэму (у тым ліку, за ўступленне ў Сусветную гандлёвую арганізацыю ў 2012 годзе).

Кандыдат у прэзідэнты таксама лічыць, што ахова навакольнага асяроддзя павінна стаць іміджаўтваральным элементам беларускай палітыкі. «Я перакананы, што будаўніцтва ўласнай АЭС ніякім чынам не ўпісваецца ў канцэпцыю стварэння іміджу «Краіны азёр пад белымі крыламі». Больш за тое, яе патэнцыйная эканамічная эфектыўнасць выклікае вялікія сумневы. Беларусі па сілах стаць адным з цэнтраў зялёнага руху ў Еўропе і свеце, краінай, якая выступае ініцыятарам абароны прыроды, экалагічна чыстых прадуктаў харчавання і развітай медыцыны, прародаахоўных тэхналогій і рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў», — заявіў Алесь Міхалевіч у сваёй перадвыбарнай праграме.

Выступаючы за «актыўнае нпамадства», кандыдат у прэзідэнты лічыць неабходным правесці «дэцэнтралізацыю палітычнай і эканамічнай улады на карысць рэгіёнаў». Алесь Міхалевіч прапануе падзяліць Беларусь не на шэсць абласцей, як гэта зроблена цяпер, а на 17 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак — паветаў.

Міхалевіч выступае за раўнапраўе «традыцыйна прадстаўленых у Беларусі» канфесій

Акрамя таго Алесь Міхалевіч выступае за роўныя правы для прадстаўнікоў усіх рэлігійных канфесій, «традыцыйна прадстаўленых у Беларусі», партнёрства дзяржавы і рэлігійных арганізацый «у сферах, дзе такое супрацоўніцтва не супярэчыць пастулатам свецкага грамадства».

Палітык лічыць неабходным таксама аднаўленне і развіццё беларускай культурнай спадчыны, пашырэнне ўжывання беларускай мовы з дапамогай прадстаўлення грамадзянам інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў на беларускай мове. «Надзвычай важнай умовай для захавання беларускай ідэнтычнасці з’яўляецца супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай, перш за ўсё ў Расіі, ЗША і краінах ЕС», — перакананы кандыдат у прэзідэнты.

«Што тычыцца нацыянальных меншасцяў, то яны павінны мець у Беларусі шырокую аўтаномію і права захоўваць і развіваць свае нацыянальныя і духоўныя традыцыі, культуру і мову», — падкрэсліў Алесь Міхалевіч.

«Аснова дабрабыту Беларусі — гэта Мы, наш інтэлект, свабода, ініцыятыва, наша самастойнасць і актыўная пазіцыя. Назапашванне сацыяльнага капіталу, якім з’яўляецца актыўнае і самадзейнае грамадства, стане залогам выхаду нашай краіны на новыя цывілізацыйныя перспектывы. Я веру ў нашу Беларусь, веру ў наш народ і перакананы, што ў нас усё атрымаецца», — заявіў Алесь Міхалевіч.

Как вам новость?
Головоломки