Міжнародныя назіральнікі заклікалі да публічнасці і галоснасці судоў па "справе 19 снежня"

25.04.2011 15:56
Архив Редакция

Міжнародная назіральная місія Камітэту міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі заклікала старшыняў судоў Фрунзенскага, Першамайскага, Кастрычніцкага і Партызанскага раёнаў Мінску забяспечыць "публічнасць, галоснасць і даступнасць" судовых працэсаў па справах удзельнікаў акцыі пратэсту апазіцыі 19 снежня 2010 года.

Па словах намесніка кіраўніка місіі Дзмітрыя Макарава, відавочна, што дадзеныя працэсы носяць грамадска значны характар і прыцягваюць шырокую ўвагу СМІ і прадстаўнікоў грамадскасці. «1 і 2 сакавіка 2011 года пры разглядзе спраў у дачыненні да Аляксандра Атрошчанкава, Дзмітрыя Новіка, Аляксандра Малчанава для розных назіральнікаў не хапіла месца ў залі судовых пасяджэнняў. Міжнародная назіральная місія ўжо звяртала ўвагу на праблемы, звязаныя з захаваннем стандартаў адкрытасці і галоснасці судовага разбіральніцтва пры разглядзе крымінальных спраў у дачыненні да ўдзельнікаў падзеяў 19 снежня. Частка рэкамендацый місіі была ўлічана, напрыклад, размяшчэнне інфармацыі аб судовых пасяджэннях ў разумныя тэрміны», — сказаў назіральнік, перадае БелаПАН.

«Мы лічым, што, для таго каб пазбегнуць прадузятых ацэнак працэсаў, якія адбываюцца, старшыням судоў неабходна забяспечыць іх правядзенне ў памяшканнях, якія б умясцілі ўсіх жадаючых. Калі такіх памяшканняў няма — забяспечыць аудыётрансляцыю працэсаў. У міжнароднай практыцы выразна замацаваўся стандарт: «Правасуддзе павінна быць не толькі справядлівым на справе, трэба, каб такім яго ўспрымала грамадскасць», — адзначыў яшчэ адзін прадстаўнік місіі Валянцін Гефтэр.

Як паведамляў Тэлеграф, раней Міжнародная назіральная місія Камітэту міжнароднага кантролю над сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі заявіла, што супрацоўнікі міліцыі і спецназа ўжывалі гвалтоўныя дзеянні да кожнага чацвертага затрыманаму падчас разгону мітынгу 19 снежня ў Мінску. Акрамя таго, людзей абражалі і зневажалі.

Как вам новость?
Головоломки