Міжнародныя інвестары прагназуюць ваганне курсу даляра да 4,2 тыс. рублёў

27.04.2011 17:34
Архив Редакция

На думку экспертаў інвестыцыйнай кампаніі UFS Investment Company, на працягу бліжэйшых трох месяцаў курс валют у Беларусі можа вагацца ад 3,8 да 4,2 тыс. рублёў за даляр. Пра гэта 27 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску, прысвечанай адкрыццю філіяла кампаніі ў Беларусі, распавёў дырэктар дэпартаменту аналітыкі і рызык-мэнэджменту кампаніі Павел Васіліядзі.

Як перадае карэспандэнт Тэлеграфа, эксперт кампаніі лічыць, што на стабілізацыю курсу валют спатрэбіцца не менш за тры месяцы. На гэта, на думку эксперта, станоўча паўплывае атрыманне Беларуссю знешніх крэдытаў — мільярда даляраў ад Расіі і трох мільярдаў з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС.

Павел Васіліядзі запэўніў, што ў кароткатэрміновым перыядзе гэтых сродкаў будзе дастаткова для падтрымання плацежаздольнасці. У сувязі з гэтым верагоднасць дэфолту ў Беларусі, на думку міжнародных экспертаў, вельмі нізкая. У доўгатэрміновым жа перыядзе, па словах Паўла Васіліядзі, неабходныя іншыя меры — скарачэнне дзяржрасходаў і дэвальвацыя, каб выраўнаваць аплатны баланс краіны.

Эксперты кампаніі лічаць разумным ўжо зараз правесці дэвальвацыю ў межах 20%, бо гэта выгадна і экспарцёрам, і насельніцтву Беларусі, і інвестарам. «Інвестарам патрэбна рынкавая ацэнка курсу», — падкрэсліў Павел Васіліядзі.

Эксперты кампаніі ў якасці станоўчага моманту, у тым ліку і для інвестараў, адзначылі, што ў 2011 годзе Беларусі не трэба рабіць выплатаў, толькі выплаты знешняга доўгу. Па інфармацыі кампаніі, усяго на выплату асноўнага доўгу і пагашэнне працэнтаў па крэдыце Беларусі трэба будзе накіраваць у гэтым годзе 111 млн. даляраў.

Інвестары: Беларусь мае патрэбу ў структурных рэформах

У сваю чаргу генеральны дырэктар UFS Investment Company Алена Жэлязнова падкрэсліла неабходнасць правесці структурныя рэформы ў Беларусі для стабілізацыі сітуацыі ў краіне і паляпшэння інвестыцыйнага крызісу. Па словах гендырэктара кампаніі, у цяперашні час урад Беларусі ўжо прымае «цвёрдыя, нязручныя для некаторых прадпрыемстваў крокі», якія, тым не менш, неабходныя Беларусі для выхаду з крызісу.

Да такіх мер Алена Жэлязнова адносіць, у прыватнасці, меры па павелічэнні золатавалютнага запасу краіны, у тым ліку прыцягненне знешніх крэдытаў, прыватызацыю і акцыянаванне прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў дзяржуласнасці, у тым ліку такіх буйных кампаній, як «Белтрансгаз», МАЗ, МТС. Але акрамя гэтага, па словах гендырэктара інвестыцыйнай кампаніі, неабходныя і іншыя, доўгатэрміновыя меры, у тым ліку тыя, якія дазволяць Беларусі і беларускім кампаніям выйсці на міжнародны рынак пазычанняў.

«Як у любой справе ёсць тое, што мы робім цяпер, а ёсць тое, што мы робім на перспектыву. Тое, што робіцца цяпер, агучваецца ў пастаянным рэжыме. Але пры гэтым ідзе і другі бок прапрацоўкі гэтага пытання. Гэта адбываецца ў любым карпаратыўным фінансаванні, у тым ліку і паміж краінамі», — растлумачыла гендырэктарка кампаніі.

Дырэктар дэпартаменту гандлю і продажаў Ігар Лаухін растлумачыў, што пакуль гаварыць аб павышэнні або паніжэнні прагнозаў па крэдытных рэйтынгах Беларусі пакуль заўчасна. Аднак эксперт выказаў упэўненасць у тым, што ўжо да канца года паказчыкі Беларусі палепшацца, прыбытковасць па бягучых аблігацыях знізіцца і беларускія каштоўныя паперы, якія сёння, на думку эксперта, недаацэньваюцца на міжнародным рынку, стануць больш прывабнымі для інвестараў.

Как вам новость?