МЗС: адсутнасць базавага пагаднення з ЕС — не наша віна

04.11.2010 15:07
Архив Редакция

Адсутнасць базавага юрыдычнага пагаднення з Еўрасаюзам, якое фіксавала б ўзаемныя абавязацельствы, — гэта не віна Беларусі. Такое меркаванне выказаў начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва галоўнага ўпраўлення Еўропы МЗС Беларусі Раман Раманоўскі. «Працэс ратыфікацыі пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве быў у свой час замарожаны Еўрасаюзам», — дадаў чыноўнік.

Па словах Рамана Раманоўскага, Беларусь разлічвае вярнуцца да пытання аб заключэнні базавага пагаднення аб супрацоўніцтве з ЕС, перадае БелаПАН.

Прадстаўнік МЗС дадаў, што адсутнасць дамовы не з’яўляецца непераадольнай перашкодай для развіцця палітычнага дыялогу. У прыватнасці, па словах чыноўніка, у апошнія гады кантакты на высокім узроўні з цэнтральнымі органамі Еўрасаюза і краінамі-членамі ЕС прыкметна актывізаваліся. Паміж галіновымі беларускімі ведамствамі і Еўракамісіяй наладжаны і актыўна вядуцца экспертныя кансультацыі ў цэлым шэрагу абласцей, у тым ліку ў такіх, як энергетыка, транспарт, мытня, ахова навакольнага асяроддзя, стандартызацыя і сертыфікацыя.

«Актыўнае і шчыльнае ўзаемадзеянне Беларусі з Еўрапейскім саюзам як на палітычным, так і на экспертным узроўні стварае аб’ектыўныя перадумовы для ўрэгулявання юрыдычных аспектаў двухбаковых адносінаў і іх вывядзення на больш высокі партнёрскі ўзровень — так, як гэта прадугледжваецца самой канцэпцыяй «Усходняга партнёрства»», — падкрэсліў Раман Раманоўскі.

МЗС: «Усходняе партнёрства» — гэта не выбар Захаду за кошт Расіі

«Усходняе партнёрства» для нас — гэта не выбар на карысць Захаду за кошт Расіі, а больш збалансаванае выбудоўванне адносін з нашым найбуйнейшым заходнім суседам — ЕС, па прыярытэтных вектарах», — зазначыў Раман Раманоўскі.

Па словах прадстаўніка МЗС, Беларусь разглядае «Усходняе партнёрства» у якасці пляцоўкі для дыялогу, абмену досведам і, самае галоўнае, збліжэння ЕС і Беларусі. «У гэтым мы бачым яго гістарычнае прызначэнне», — падкрэсліў Раман Раманоўскі.

Чыноўнік таксама дадаў, што са свайго боку беларуская дзяржава гатовая прыкласці ўсе намаганні для таго, каб прастора «Усходняга партнёрства» сапраўды стала прасторай міру, стабільнасці і дабрабыту для ўсіх народаў і грамадзян, якія яго насяляюць. Акрамя таго, Раман Раманоўскі зазначыў, што «Усходняе партнёрства» не павінна правакаваць барацьбу за сферы ўплыву ў рэгіёне і весці да стварэння новых раздзяляльных ліній. Таму Беларусь падтрымлівае прапанову Польшчы і іншых краін ЕС па стварэнні групы сяброў «Усходняга партнёрства».

«Мы лічым, што Расія, Казахстан, краіны еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю павінны шырока прыцягвацца да праектаў у рамках гэтага партнёрства, што павысіла б практычную каштоўнасць гэтай ініцыятывы ў рэгіянальным разрэзе», — дадаў прадстаўнік МЗС Беларусі.

Как вам новость?
Головоломки