МЗС: Беларусь не атрымлівала ніякіх нотаў аб выдачы Бакіева

22.04.2010 14:48
Архив Редакция

У міністэрства замежных спраў Беларусі на дадзены момант не паступала якіх-небудзь нотаў з Кыргызстана аб выдачы прэзідэнта краіны Курманбека Бакіева, які знаходзіцца ў Мінску. Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных на брыфінгу 22 красавіка.

У той жа час у часовым кіргізскім урадзе не выключаюць магчымасці экстрадыцыі Курманбека Бакіева на радзіму, перадае «Интерфакс». «Абавязкова рана ці позна гэтае пытанне паўстане, — заявіў у чацвер першы намеснік кіраўніцы часовага ўрада Кіргізіі Алмазбек Атамбаеў. — Ягоны час настане і ён сваё атрымае».

Адказваючы на пытанні журналістаў адносна сітуацыі ў Кыргызстане, прэс-сакратар беларускага МЗС падкрэсліў: «Мы сутыкнуліся з сур’ёзнай міжнароднай праблемай. Напрамкі і прынцыпы яе вырашэння сфармуляваў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Несумненна, рашэнне гэтай праблемы можа быць знойдзена толькі ў рамках міжнароднага права».

МЗС кантралюе бяспеку пасольства Беларусі ў Кыргызстане

Забеспячэнне бяспекі беларускага пасольства ў Кыргызстане знаходзіцца пад кантролем МЗС Беларусі, заявіў Андрэй Савіных на брыфінгу ў Мінску. Па словах прэс-сакратара, беларускае знешнепалітычнае ведамства працуе ў кантакце з мясцовымі органамі ўлады ў Бішкеку, і «яны па-магчымасці нам садзейнічаюць».

«Асноўную праблему, як вы разумееце, уяўляюць некантраляваныя дэструктыўныя элементы, якія займаюцца пагромамі і рабаваннямі. Важна адзначыць, што гэта сістэмная пагроза не толькі для нас, але і для кіргізскага грамадства ў цэлым. У сувяўіз гэтым мы таксама рэалізоўваем комплекс мераў, накіраваных на забеспячэнне бяспекі супрацоўнікаў амбасады і членаў іх сем’яў», — цытуе Андрэя Савіных БелТА.

Прадстаўнік МЗС таксама заявіў, што ў міністэрстве не сумняюцца ў правядзенні бліжэйшага саміту АДКБ. Першапачаткова яго планавалася правесці 17 чэрвеня. Але некалькі тыдняў таму з’явілася прапанова пра перанос даты на восьмага траўня. Па словах Андрэя Савіных, «гэтая прапанова разглядаецца, але тое, што саміт адбудзецца, не выклікае сумневу».

Как вам новость?
Головоломки