МЗС: Беларусь не будзе падпісваць Мытны кодэкс з выняткамі

09.06.2010 12:51
Архив Редакция

Намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка заявіў, што Беларусь гатовая падпісаць Мытны кодэкс Мытнага саюза, ужо падпісаны Расіяй і Казахстанам 28 траўня. "Хачу сказаць, што гэты Мытны кодэкс з выняткамі. Беларусь гатовая яго таксама падпісаць, але без выняткаў", — падкрэсліў намеснік кіраўніка МЗС.

«Цяпер мы аператыўна рыхтуем пакет пагадненняў па эканамічным саюзе. Але самае галоўнае ў гэтым праекце, што нават у эканамічным саюзе расейскі бок не бачыць магчымасці вырашэння пытанняў па нафце, нафтапрадуктам, газе і іншых сыравінных рэсурсах. Гэта значыць, фактычна і ў Мытным саюзе, і ў Адзінай эканамічнай прасторы расійскі бок вымае энергасектар з інтэграцыі», — цытуе намесніка міністра БелТА.

Андрэй Еўдачэнка адзначыў, што з ужываннем Расіяй далейшых пошлінаў ва ўзаемным гандлі трох краін Беларусь «катэгарычна не згодная» і назваў іх магчымае прымяненне не толькі ў рэжыме свабоднага гандлю, але і ў Мытным саюзе «поўным нонсэнсам».

Як раней паведамляў Тэлеграф, у апошні час самым адчувальным пытаннем для Беларусі пры стварэнні Мытнага саюза з’яўляецца адмена уведзеных Расіяй з 2010 года экспартных пошлінаў на нафтапрадукты.

«Дзейная экспартная пошліна на нафту з’яўляецца асабліва важкім выняткам з рэжыму свабоднага гандлю, а спагнанне з першага студзеня гэтага года вывазной мытнай пошліны на асобныя катэгорыі нафтапрадуктаў, якія пастаўляюцца ў Рэспубліку Беларусь з Расіі, парушае палажэнні міжнародных абавязацельстваў Расійскай Федэрацыі», — заявілі ў беларускім знешнепалітычным ведамстве сёмага чэрвеня.

У канцы траўня прэм’ер-міністры Расіі і Казахстана праз рознагалоссі з Беларуссю дамовіліся запусціць Мытны саюз з першага ліпеня ў двухбаковым фармаце. Аднак праз некаторы час Мінск пагадзіўся прадоўжыць свой удзел у фарміраванні МС з выняткамі па пэўных пытаннях, у тым ліку па пошлінах на нафтапрадукты і аўтамабілі.

Как вам новость?
Головоломки