МЗС: Беларусь падтрымлівае ядзернае раззбраенне ва ўсім свеце

27.08.2010 15:15
Архив Редакция

Беларусь падтрымлівае ўсе намаганні міжнароднай супольнасці, накіраваныя на нераспаўсюджанне, забарону і поўнае знішчэнне ядзернай зброі. Пра гэта сёння, 27 жніўня, заявіў дарадца ўпраўлення міжнароднай бяспекі і кантролю над узбраеннямі міністэрства замежных спраў Беларусі Іван Грыневіч.

Па словах Івана Грыневіча, Беларусь не магла не падтрымаць ініцыятыву Казахстана аб зацвярджэнні 29 жніўня Міжнароднага дня дзеяння супраць ядзерных выпрабаванняў, перадае БелаПАН.

Прадстаўнік МЗС таксама заявіў, што Беларусь вітае заяву Генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна аб неабходнасці актывізаваць намаганні ўсіх краінаў свету па нераспаўсюджанні ядзернай зброі і ўвядзенні поўнай забароны на яе.

Па словах Івана Грыневіча, Беларусь падтрымлівае хутчэйшае ўступленне ў сілу дамовы аб усеабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў. Гэты дакумент быў падпісаны беларускім бокам у 1996 годзе, а ў 2000 — ратыфікаваны парламентам.

Іван Грыневіч адзначыў, што Беларусь з’яўляецца прыхільнікам актыўнай лініі ў плане ядзернага раззбраення. «Мы зыходзім з таго, што раззбраенне і мерапрыемствы павінны весціся як на двухбаковым узроўні (тут маюцца на ўвазе ЗША і Расія), так і адначасова павінны быць міжнародныя дамоўленасці глабальнага характару», — заявіў прадстаўнік МЗС.

Как вам новость?
Головоломки