МЗС: Беларусь павінны былі запрасіць на ядзерны саміт у ЗША

15.04.2010 09:24
Архив Редакция

Начальнік кіравання інфармацыі — прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных пракаментаваў саміт па пытаннях ядзернай бяспекі, які адбыўся 12-13 красавіка ў ЗША і ў якім Беларусь не прыняла ўдзелу. "Селектыўны падыход Вашынгтона да запрашэння дзяржаў выклікае здзіўленне і шкадаванне", — сказаў афіцыйны прадстаўнік МЗС.


Па словах Андрэя Савіных, гэта таксама «носіць контрпрадуктыўны характар з пункту гледжання надзейнасці гарантый ядзернай бяспекі для дзяржаў, якія адмовіліся ад наяўнасці ядзернай зброі», паведамляе прэс-служба МЗС.

«Беларусь пераканана падтрымлівае неабходнасць умацавання ядзернай бяспекі і барацьбы з ядзерным тэрарызмам, нераспаўсюджання ядзернай зброі, што з’яўляецца, як было заяўлена, прадметам вашынгтонскага «саміту», і спадзяецца на поспех усіх міжнародных высілкаў у гэтым рэчышчы», — гаворыцца ў каментары начальніка кіравання інфармацыі.

«Разам з тым заяўленыя мэты «саміту», як уяўляецца, не цалкам суадносяцца з адабраным Вашынгтонам складам удзельнікаў мерапрыемства, які не толькі не з’яўляецца ўніверсальным, але і не ўключае поўнае кола асноўных дзейсных суб’ектаў міжнародных высілкаў у дадзенай галіне», — лічыць Андрэй Савіных.

Па словах прэс-сакратара МЗС, Беларусь унесла «прынцыпова важны ўнёсак у справу ядзернага раззбраення, першай і добраахвотна адмовіўшыся ад стратэгічнага ядзернага наступальнага патэнцыялу, які быў у яе». «Беларусь працягвае гуляць важкую ролю ў сферы нераспаўсюджання, забеспячэння захаванасці ядзерных матэрыялаў і процідзеяння ядзернаму тэрарызму пасродкам адказнага выканання міжнародных абавязанняў», — падкрэсліў прадстаўнік міністэрства.

«Па нашым меркаванні, сапраўдны поспех у барацьбе з такой глабальнай з’явай, як тэрарызм, у тым ліку ядзерны, а таксама зніжэнне пагрозы распаўсюду ядзернага матэрыялу магчымыя толькі за кошт калектыўных высілкаў чальцоў сусветнай супольнасці», — рэзюмаваў Андрэй Савіных.

Как вам новость?
Головоломки