МЗС: Беларусь выступае за павышэнне прадказальнасці ў Еўропе

19.04.2011 12:17
Архив Редакция

Начальнік упраўлення міжнароднай бяспекі і кантролю над узбраеннямі МЗС Беларусі Уладзімір Герасімовіч 18 красавіка на сустрэчы з прадстаўнікамі краін АБСЕ заявіў аб гатоўнасці беларускіх уладаў паглыбляць канструктыўнае ўзаемадзеянне з краінамі-удзельніцамі АБСЕ. Паводле яго слоў, Беларусь падтрымлівае арганізацыю ў справе "ўмацавання агульнаеўрапейскай і рэгіянальнай бяспекі, павышэння транспарэнтнасці і прадказальнасці на еўрапейскім кантыненце".

«Беларусь праводзіць паслядоўную і адказную палітыку ў галіне раззбраення, кантролю над узбраеннямі і нераспаўсюджвання ўзбраення масавага знішчэння, прыняўшы на сябе шэраг міжнародных абавязацельстваў у гэтай сферы», — заявіў Уладзімір Герасімовіч. Паводле яго слоў, адным з ключавых элементаў умацавання агульнаеўрапейскай бяспекі і кантролю над узбраеннямі з’яўляецца «развіццё мер даверу і бяспекі на рэгіянальным і субрэгіянальным узроўні», перадае БелТА.

У сваю чаргу начальнік Нацыянальнага агенцтва па кантролі і інспекцыях міністэрства абароны Беларусі Алег Горбач адзначыў, што выкананне міжнародных абавязацельстваў у ваеннай сферы з’яўляецца для Беларусі адной з прыярытэтных задач.

Як паведамілі ў міністэрстве абароны Беларусі, дэлегацыя АБСЕ, у склад якой увайшлі прадстаўнікі 27 краін-удзельніц, 19-20 красавіка наведае два вайсковыя аб’екты Узброеных сіл Беларусі — 61-ю знішчальную авіяцыйную базу і 11-ю асобную механізаваную брыгаду, дзе змогуць азнаёміцца з асноўнымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, сустрэцца з камандаваннем і асабістым складам.

У адпаведнасці з Венскім дакументам 1999 года перамоў па мерах умацавання даверу і бяспекі, кожная з дзяржаў-удзельніц раз у пяць гадоў арганізуе наведванне прадстаўнікамі АБСЕ нацыянальных ваенных аб’ектаў.

Как вам новость?
Головоломки