МЗС Беларусі адмаўляецца каментаваць рэзалюцыю Еўрапарламенту

20.01.2011 16:57
Архив Редакция

Міністэрства замежных спраў Беларусі не стала каментаваць прынятую сёння, 20 студзеня, рэзалюцыю Еўрапарламенту па Беларусі, у якой былі вылучаны патрабаванні неадкладна ўвесці санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі. "Канчатковае рашэнне па Беларусі будзе прынята толькі 31 студзеня і прымаць яго будуць міністры замежных спраў краін Еўрасаюза", - сказаў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

«Цяпер робіцца шмат заяваў па дадзеным пытанні. Мы іх уважліва аналізуем, прымаем да ведама, звяртаем увагу на кантэкст і змест. Тым не менш, афіцыйная пазіцыя Рэспублікі Беларусь будзе выказана толькі па выніках гэтага працэсу», — цытуе прадстаўніка МЗС беларуская служба Радыё «Свабода».

Як ужо паведамляў Тэлеграф, дэпутаты Еўрапарламенту ў чацвер, 20 студзеня, прынялі рэзалюцыю, якая заклікае да неадкладнага ўвядзення санкцый супраць кіраўніцтва Беларусі. Дакумент заклікае Раду ЕС, у прыватнасці, увесці забарону на выдачу візаў і замарозіць актывы ў краінах ЕС беларускіх кіраўнікоў вышэйшага звяна, чыноўнікаў, супрацоўнікаў судовых органаў і органаў бяспекі, якія, на думку Еўрасаюза, нясуць адказнасць за фальсіфікацыю снежаньскіх прэзідэнцкіх выбараў і пераслед апазіцыі.
 
На думку дэпутатаў Еўрапарламенту, гэтыя санкцыі павінны заставацца ў сіле да таго часу, пакуль уладамі Беларусі не будуць вызваленыя ўсе зняволеныя апазіцыянеры і змешчаныя пад варту прадстаўнікі апазіцыі, а абвінавачанні з іх зняты.