МЗС Беларусі лічыць запуск Еўранэста нелегітымным

06.05.2011 10:43
Архив Редакция

Запуск міжпарламенцкай асамблеі Еўранэст у няпоўным фармаце ідзе насуперак прынцыпам, прынятым на саміце "Усходняга партнёрства" ў Празе ў 2009 годзе, і цалкам падрывае дэмакратычную легітымнасць гэтага аб'яднання. Пра гэта 6 траўня заявіў прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных.

«Мы вымушаныя канстатаваць, што група палітыкаў у Еўрапейскім парламенце навязала найгоршы сцэнар для пачатку працы парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства», — заявіў прадстаўнік МЗС Беларусі.

Па словах Андрэя Савіных, Беларусь не лічыць сябе абавязанай кіравацца падыходамі і рашэннямі Еўранэст ў такім фармаце. Акрамя таго, у МЗС лічаць, што негатыўныя наступствы рашэнне Еўрапарламенту заснаваць міжпарламенцкую асамблею без удзелу беларускай дэлегацыі «выходзяць за межы парламенцкага вымярэння» і наносяць істотную шкоду «Усходняму партнёрству» ў цэлым, «яго збалансаванасці, каштоўнасці, эфектыўнасці і перспектыве».

«Праграма «Усходняга партнёрства» ў выпадку ператварэння ў дыскрымінацыйны, вялацякучы і аморфны працэс з выхалашчаным зместам, страціць актуальнасць і сэнс», — перакананыя ў МЗС Беларусі.

Як ужо паведамляў Тэлеграф, 3 траўня 2011 года была заснавана міжпарламенцкая асамблея Еўранэст. Супрэзідэнтамі сталі Барыс Тарасюк ад краін «Усходняга партнёрства» (Украіна) і Крысціян Вігенін ад Еўрапейскага парламенту. Устаноўчае пасяджэнне ў Брусэлі прайшло пры ўдзеле дэлегацый усіх краін — удзельніц Еўранэст, акрамя Беларусі. Пры гэтым у выступах прысутных падкрэслівалася, што такое становішча рэчаў з’яўляецца часовым, і залежыць ад дэмакратычных працэсаў у Беларусі.

Пасля падпісання ўстаноўчых дакументаў Парламенцкай асамблеі Еўранэст прэзідыум Савета Рэспублікі і савета Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі зрабілі сумесную заяву. Як гаворыцца ў заяве, паколькі беларуская дэлегацыя не прымала ўдзелу ў заснаванні Еўранэста, парламент Беларусі не лічыць сябе абавязаным ўлічваць альбо прымаць пад увагу пазіцыю Еўранэста.

Как вам новость?
Головоломки