МЗС Беларусі заклікаў Паўночную і Паўднёвую Карэю да стрыманасці

25.11.2010 10:11
Архив Редакция

Міністэрства замежных спраў Беларусі заклікала кіраўніцтва Карэйскай народна-дэмакратычнай рэспублікі і Рэспублікі Карэя "быць стрыманымі і ўстрымлівацца ад любых крокаў, якія могуць прывесці да далейшай эскалацыі напружанасці ў рэгіёне". Так 24 лістапада адрэагаваў МЗС Беларусі на паведамленні аб буйным узброеным інцыдэнце, які адбыўся 23 лістапада на мяжы дзвюх рэспублік.

Як растлумачыў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, факт гібелі вайскоўцаў і грамадзянскіх асоб на востраве Енпхендо ў выніку артылерыйскага абстрэлу з боку КНДР выклікае «вострую заклапочанасць і глыбокае шкадаванне».

«Беларусь рашуча асуджае любыя спробы ўздзеяння на працэсы ўрэгулявання на Карэйскім паўвостраве з выкарыстаннем ваеннай сілы, выступае за паўнавартасную рэалізацыю міжкарэйскіх пагадненняў аб спыненні агню і ненападзе», — заявіў Андрэй Савіных.

У міністэрстве замежных спраў падкрэслілі, што Беларусь «уважліва сочыць за сітуацыяй на Карэйскім паўвостраве». «Мы спадзяемся на больш хуткую нармалізацыю сітуацыі, умацаванне міру і стабільнасці на Карэйскім паўвостраве, працяг міжкарэйскага дыялогу на аснове міжнароднага права», — адзначыў прэс-сакратар МЗС.

Як раней перадаваў Тэлеграф, 23 лістапада ў раёне вострава Енпхендо ў Жоўтым моры, дзе праходзіць спрэчная лінія падзелу паміж КНДР і Паўднёвай Карэяй, адбыўся буйны ўзброены інцыдэнт, у выніку якога загінулі чатыры чалавекі, больш за дзесяць атрымалі раненні.

Афіцыйны Сеул заявіў, што востраў быў падвергнуты артабстрэлу з боку Поўначы і паўднёўцы адкрылі агонь у адказ. КНДР настойвае, што стральба па выспе была адказам на варожыя дзеянні з боку Паўднёвай Карэі. Паўднёвая Карэя пасля інцыдэнту заявіла, што плануе накіраваць дадатковыя ўзброеныя часткі на пяць выспаў, размешчаных на мяжы з КНДР.

Как вам новость?