МЗС Чэхіі: выбары ў Беларусі — тэст для ЕС

16.11.2010 17:24
Архив Редакция

Еўрапейскі саюз вельмі ўважліва назірае за ўсім, што адбываецца ў грамадзянскім і палітычным сектарах Беларусі. Пра гэта 15 лістапада на сустрэчы з прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта Беларусі Уладзімірам Някляевым ў Празе заявіў міністр замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнберг. Паводле яго слоў, прэзідэнцкія выбары — гэта галоўны тэст для будучых рашэнняў як Чэхіі, так і ўсяго Еўрасаюза.

«Мы заўсёды паслядоўна падтрымлівалі дэмакратычныя працэсы ў Беларусі і тых, хто з’яўляўся рухавіком гэтых працэсаў. Такая пазіцыя захоўваецца сёння і будзе захоўвацца ў далейшым. Разам з тым лічым важным працягваць дыялог з афіцыйнай Беларуссю», — адзначыў Карэл Шварцэнберг.

Уладзімір Някляеў паведаміў, што падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Чэхіі абмяркоўваліся вынікі кампаніі па зборы подпісаў. Па словах беларускага палітыка, «галоўная праблема — манаполія ўлады на падлік галасоў — так і засталася непарушнай», распавялі ў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!».

«У гэтых умовах гаварыць аб рэальным волевыяўленні грамадзян не выпадае. Чарговая фальсыфікацыя выбараў становіцца рэальнай», — адзначыў патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты.

«Мы звярнулі ўвагу міністра замежных спраў Чэхіі на розніцу паміж «фасадам» афіцыйнага Мінску і яго «задворкамі». Не варта спакушацца абяцаннямі, якія раздае Аляксандр Лукашэнка заходнім дыпламатам. За гэтымі словамі — толькі імітацыя дзейнасці ў напрамку, што задавальняе Еўрасаюз і ЗША. І вельмі важна не прыняць імітацыю за рэальныя зрухі», — падкрэсліў Уладзімір Някляеў.

Міністр замежных спраў Чэхіі таксама адзначыў, што ў Еўропе вітаюць і падтрымліваюць збліжэнне дэмакратычных прэтэндэнтаў. «Гэта вельмі важна, — каб апазіцыйныя сілы аб’ядноўваліся», — падкрэсліў Карэл Шварцэнберг.

Как вам новость?
Головоломки