МЗС: дамова па СНУ — сур'ёзны ўнёсак ва ўмацаванне стабільнасці ў свеце

08.04.2010 17:19
Архив Редакция

Міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з  заявай з нагоды падпісанай восьмага красавіка дамовы паміж Расіяй і ЗША пра меры па далейшым скарачэнні і абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў (СНУ). "Мы вітаем падпісанне гэтага дакумента і расцэньваем гэта як сур'ёзны ўнёсак ва ўмацаванне стратэгічнай бяспекі і стабільнасці ў свеце", — гаворыцца ў заяве МЗС.

«Беларускі бок разлічвае, што Расія і ЗША будуць прадпрымаць высілкі па выпрацоўцы эфектыўных мер, накіраваных на далейшае скарачэнне наступальных узбраенняў, якія маглі б стварыць умовы для надання працэсу ядзернага раззбраення незваротнага і шматбаковага характару», — адзначаецца ў заяве, паведамляе прэс-служба міністэрства.

«Наступныя поспехі на раззбраенчым «трэку» шмат у чым будуць залежаць менавіта ад калектыўных высілкаў усіх зацікаўленых чальцоў сусветнай супольнасці, — лічаць у беларускім МЗС. — З задавальненнем адзначаем прызнанне ў прэамбуле новай дамовы ўнёску Рэспублікі Беларусь у працэс ядзернага раззбраення і нераспаўсюджання».

У заяве замежнапалітычнага ведамства таксама гаворыцца пра тое, што «Беларусь першай з дзяржаў добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі, якая была ў яе, і на працягу шматлікіх гадоў з’яўлялася адказным удзельнікам дамовы пра абмежаванне і скарачэнне стратэгічных наступальных узбраенняў 1991 года».

«Зыходзім з таго, што Расія і ЗША будуць няўхільна выконваць зафіксаваныя ў будапешцкіх мемарандумах 1994 года гарантыі бяспекі, якія былі пацверджаны ў сумеснай расійска-амерыканскай заяве ад чацвёртага снежня 2009 года», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

«Улічваючы ўнікальны досвед, назапашаны беларускім бокам падчас выканання як дамовы пра СНУ 1991 года, так і іншых міжнародных дамоў па пытаннях ядзернага раззбраення і нераспаўсюджання, разлічваем на працяг палітычнага дыялогу і экспертнага ўзаемадзеяння па дадзенай праблематыцы», — адзначаецца ў заяве МЗС Беларусі.

Как вам новость?
Головоломки