МЗС: эксперты АБСЕ неўзабаве пачнуць расследаванне смерці Бябеніна

23.09.2010 10:12
Архив Редакция

Генеральны сакратар АБСЕ даў даручэнне старэйшаму дарадцы АБСЕ па паліцэйскай дзейнасці аператыўна падабраць і накіраваць у Беларусь двух судмедэкспертаў для расследавання смерці апазіцыйнага журналіста Алега Бябеніна. Пра гэта генеральны сакратар арганізацыі праінфармаваў міністэрства замежных спраў Беларусі ў сваім лісце 21 верасня.

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення інфармацыі — начальніка аддзелу прэс-службы МЗС Марыі Ваньшынай, гэта сведчыць аб тым, што пытанне накіравання ў Беларусь экспертаў-крыміналістаў з дзяржаў-удзельніц АБСЕ «перайшло ў практычную плоскасць».

«Чакаецца, што ў найбліжэйшы час стане вядома аб складзе групы экспертаў і тэрмінах іх прыбыцця», — дадала афіцыйная прадстаўніца беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Як раней перадаваў Тэлеграф, цела апазіцыйнага журналіста Алега Бябеніна знайшлі 3 верасня на яго дачы пад Мінскам. Афіцыйная судова-медыцынская экспертыза паказала, што журналіст скончыў жыццё самагубствам. Аднак, яго калегі і родныя не вераць у афіцыйную версію пра самагубства журналіста, сцвярджаючы, што для гэтага ў яго не было матываў.

У цяперашні момант Генпракуратура Беларусі разглядае некалькі версій ў сувязі з фактам смерці Алега Бябеніна — самагубства і забойства з наступнай інсцэніроўкі суіцыду.

Как вам новость?