МЗС: ЕС перакрэсліў сур'ёзныя дасягненні ў адносінах з Беларуссю

17.02.2011 16:25
Архив Редакция

Начальнік упраўлення інфармацыі, прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных 17 лютага заявіў, што адносіны Беларусі з Еўрасаюзам на дадзены момант "можна ахарактарызаваць як досыць складаныя", паколькі дзеянні і рашэнні ЕС у сувязі з беларускімі прэзідэнцкімі выбарамі "аднабаковыя" і "перакрэсліваюць дасягнутае".

«З пункту гледжання беларускага боку, дадзеныя рашэнні з’яўляюцца неабгрунтаванымі і неправамернымі. Яны перакрэсліваюць сур’ёзныя дасягненні, якіх удалося дабіцца ў нашых адносінах. Яны таксама змушаюць беларускі бок пайсці на адпаведныя меры ў адказ», — заявіў прадстаўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.

«На жаль, гэта не наш выбар. Мы перакананыя, што рашэнне ўсіх праблемаў трэба шукаць у адкрытым і канструктыўным дыялогу паміж усімі партнёрамі, і мы ўпэўненыя, што бакі захоўваюць магчымасць вярнуцца да нармальнай сістэмы ўзаемаадносін і развіцця супрацоўніцтва», — сказаў Андрэй Савіных.

Савіных: рашэнне МЗС аб закрыцці офіса АБСЕ — канчатковае

Акрамя таго, прадстаўнік МЗС Беларусі адзначыў, што рашэнне аб закрыцці мінскага офіса АБСЕ з’яўляецца канчатковым і пераглядацца не будзе. «Беларускі бок прыняў сваё рашэнне і аб гэтым паведаміў нашым партнёрам па АБСЕ», — цытуе Андрэя Савіных БелаПАН.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, Парламенцкая асамблея Рады Еўропы 27 студзеня прыняла рэзалюцыю, у якой, у прыватнасці, заклікае кіраўніцтва Беларусі перагледзець рашэнне аб закрыцці офіса АБСЕ ў Мінску і падоўжыць яго мандат. З падобным заклікам да беларускіх уладаў 15 лютага звярнуліся кіраўнікі ўрадаў Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Польшчы, Славакіі і Чэхіі.

Парламенцкая асамблея АБСЕ на сэсіі 24-25 лютага ў Вене мае намер абмеркаваць сітуацыю з закрыццём офіса АБСЕ ў беларускай сталіцы. «Улічваючы вялікую цікавасць парламентарыяў да падзеяў у Беларусі ў снежні мінулага года і цяперашняй сітуацыі, гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца», — сказалі ў прэс-службе арганізацыі.

Как вам новость?
Головоломки